Ці пазбавілася беларуская замежная палітыка «заходняга крыла» ў 2021 годзе? Ці замежнапалітычны паварот, які адбыўся летась, неабарачальны? Якой будзе замежная палітыка афіцыйнага Менску ў 2022 годзе?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч і экспэрт Эўрапейскай рады міжнародных адносінаў, былы беларускі дыплямат Павал Сьлюнькін.
Сьлюнькін
- «Заходняе крыло» беларускай замежнай палітыкі патрапанае так, як ніколі. Але казаць, што яно наагул адрэзанае, я б ня стаў.
- Неаднойчы ў мінулым адносіны з заходнімі краінамі перажывалі вельмі кепскія пэрыяды.
- Зараз вяртаньне да палітыкі дыялёгу ці ангажаваньня наўрад ці магчымае. Але гэта залежыць ад разьвіцьця рэгіянальнай абстаноўкі.
- Калі Лукашэнка рэалізуе свае пагрозы стаць на бок Расеі ў расейска-ўкраінскім канфлікце, тады ў яго не застанецца шляхоў вяртаньня да нейкага дыялёгу зь Эўропай.
- Аднак калі ён ізноў паспрабуе гуляць у балянсаваньне, тады ў эўрапейскіх краінаў узьнікне спакуса паспрабаваць ізноў паверыць.
- Вынікі замежнай палітыкі — пагаршэньне адносінаў з Захадам і пераход усіх магчымых «чырвоных лініяў», што раней нам здавалася немагчымым.
Карбалевіч
- У пэўным сэнсе Беларусь страціла сваю замежную палітыку.
- Пасьля 2014 году ў Беларусі зьявілася рэальная дыпляматыя.
- Для стасункаў з адной Расеяй МЗС і непатрэбны. Зь ёй узаемадзеяньне і раней адбывалася пераважна празь іншыя ведамствы.
- Зараз і на заходнім кірунку працуюць сілавікі, калі прыгадаць і пасадку самалёта, і міграцыйны крызіс.
Сьлюнькін
- У амэрыканскай палітычнай і аналітычнай супольнасьці здаўна была пашыраная думка, што Беларусь не зьяўляецца самастойным палітычным суб’ектам.
- Толькі ў пэрыяд 2015–2019 гадоў улады Беларусі здолелі прэзэнтаваць сябе як субʼекта, адрознага ад Расеі.
- Тады прадстаўнікі Дзяржаўнага дэпартамэнту пачалі казаць, што Беларусь можа стаць фарпостам супраць расейскай экспансіянісцкай палітыкі.
- А цяпер усё вярнулася на кругі свае.
- Лукашэнка з 2020 году шмат што саступіў Расеі, яго залежнасьць ад РФ паглыбілася.
- Але тыя саступкі, якія ён робіць, палавіністыя. Ён не аддае асноўныя вагары кіраваньня ў Маскву.
- Расейская вайсковая база ў нас так і не зьявілася. Вучэбна-баявыя цэнтры зьявіліся, але гэта ўсё ж не вайсковыя базы.
- Падпісаныя інтэграцыйныя карты ня тоесныя аншлюсу.
- Колькі я сябе памятаю, увесь час чую размовы, што Беларусь вось-вось будзе паглынутая Масквой.
- Ці адбудзецца аншлюс — невядома.
- Фігуру Лукашэнкі з гэтай шахматнай дошкі немагчыма ссунуць лёгка.
- Лукашэнка ў роўнай ступені не жадае аддаваць уладу ані Ціханоўскай, ані Байдэну, ані фон дэр Ляен, ані Пуціну.
Карбалевіч
- Усё ж палітыка зьмянілася, а ня проста флёр зьляцеў.
- Трэнд збліжэньня з Расеяй дзейнічае даволі павольна. Ня варта казаць, што Беларусь ужо страціла незалежнасьць.
Сьлюнькін
- Фраза Макея — калі вы будзеце на нас ціснуць, Беларусь можа страціць незалежнасьць — гучала гадамі. Але пасьля абвяшчэньня выбараў 2020 году частата яе стала расьці ў геамэтрычнай прагрэсіі.
- Улады чакаюць, што дзеля захаваньня «буфэрнай» дзяржавы заходнія краіны пагодзяцца заплюшчыць вочы на ўсё, што адбываецца ў Беларусі.
- Міграцыйны крызіс быў элемэнтам гэтага шантажу Захаду. Але выявілася, што гэта не працуе.
- Рыторыка Макея наконт пагрозы страты незалежнасьці знаходзіць вушы ў ЭЗ, асабліва ў краінах, далейшых ад мяжы зь Беларусьсю.
- Літоўскія палітыкі і дыпляматы і ў лепшыя гады, у 2017–2018 гадах, гаварылі, што ў вайскова-палітычным вымярэньні Беларусь не зьяўляецца незалежнай дзяржавай.
Карбалевіч
- Мяркую, што налета будзе працяг той замежнай палітыкі, якая была сёлета.
- На мінулым тыдні Лукашэнка заявіў, што датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў ня будзе.
- Канстытуцыйная рэформа была складовай часткай трансфэру ўлады.
- Цяпер незразумела: навошта тады канстытуцыйная рэформа?
- Расея перастала ціснуць на Лукашэнку што да ажыцьцяўленьня транзыту ўлады.
- Расея ўвязалася ў жорсткую эскаляцыю, у межах гэтай эскаляцыі Лукашэнка Расеі патрэбны. Ён будзе выконваць функцыю правакатара і троля ў гэтым канфлікце. Адсюль і заявы пра Крым, і пра вяртаньне ядзернай зброі, адсюль і міграцыйны крызіс.
Сьлюнькін
- Калі будзе абнародаваны праект Канстытуцыі, будзе больш зразумела, якой будзе замежная палітыка.
- Калі ўлада Аляксандра Лукашэнкі паводле новай Канстытуцыі зьменшыцца, Уладзімер Макей будзе казаць, што зьмены, якіх вымагалі грамадзтва і Захад, пачаліся і трэба набрацца цярплівасьці.
- У заходніх палітыкаў пакуль няма дакладнай пазыцыі наконт вынікаў канстытуцыйнага рэфэрэндуму.
- Калі пачнецца працэс размарожваньня стасункаў з Захадам, на месца міністра замежных справаў спатрэбіцца новая фігура — не Макей.
- Тое самае было зь Сяргеем Мартынавым: калі пачалася нармалізацыя адносінаў з Захадам, яго замянілі на Макея.
- Макею зараз супрацьстаяць сілавікі ў Беларусі, яму прыгадваюць, што менавіта МЗС дапусьціла росквіт усіх гэтых «ворагаў дзяржавы».
- І Расея пэўна хацела б, каб новая замежная палітыка Беларусі праводзілася з новым абліччам міністра. Але я б ня стаў казаць, што лёс Макея перадвызначаны. Ён вельмі блізкі Лукашэнку цягам многіх гадоў, давер да яго захоўваецца.
Карбалевіч
- Нават пры моцным ціску Расеі Лукашэнка наўрад ці будзе шукаць паратунку на Захадзе. Бо ўмова такога павароту — гэта размарожваньне ў Беларусі.
- А гэтае размарожваньне малаімавернае пры страце ўладай падтрымкі большасьці.