36% беларусаў эканомяць на ежы, — вынікі апытаньня BEROC

Ілюстрацыйнае фота

Каб замерыць успрыманьне беларускай эканомікі насельніцтвам краіны, Беларускі эканамічны дасьледча-адукацыйны цэнтар BEROC правёў апытаньне спажыўцоў і бізнэсу ў рамках праекту «Маніторынг эканомікі Беларусі», вынікі якога эканамісты прэзэнтавалі 21 сьнежня.

Выданьне Deutsche Welle публікуе вынікі апытаньня, агучаныя на прэзэнтацыі.

Кацярына Барнукова

Як распавяла дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова, 38% рэспандэнтаў сярод гарадзкога насельніцтва ва ўзросьце 18–64 гадоў адказалі, што адчуваюць падзеньне даходаў. Пры тым яна адзначыла, што гэта нізкі паказьнік — значна меншы, чым было летась на хвалі пандэміі каранавірусу — і ён добра адлюстроўвае бягучую сытуацыю ў эканоміцы.

У асноўным беларусы адмаўляюцца ад буйных пакупак і забаваў, а 36,4% апытаных вымушаныя эканоміць на ежы.

Таксама эканамісты вызначылі індэкс спажывецкай упэўненасьці: −25% (для параўнаньня, гэта ніжэй, чым у Расеі, дзе −19%).

«У адказах на пытаньні, зьвязаныя з эканамічным станам краіны, значна больш нэгатыву. Пераважная большасьць рэспандэнтаў кажа, што эканамічная сытуацыя ў краіне пагоршылася альбо хутчэй пагоршылася», — кажа Кацярына Барнукова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Траціна крамаў у Беларусі сёлета былі стратнымі, даўгі склалі 4 мільярды даляраў

Беларускі малы і сярэдні бізнэс, у сваю чаргу, да будучыні ставіцца нэўтральна, распавёў на прэзэнтацыі Маніторынгу эканаміст цэнтру BEROC Леў Львоўскі:

Леў Львоўскі

«Пазытыўна на актуальнае становішча і будучыню глядзяць прадстаўнікі прамысловасьці, а пэсымістамі можна назваць бізнэс, які працуе ў будаўніцтве. На гандаль уплывае высокая няпэўнасьць будучыні». Акрамя таго, як растлумачыў Львоўскі, апытаньне паказала моцныя інфляцыйныя чаканьні. Таксама бізнэс даволі высока ацэньвае рызыкі працы ў Беларусі.

Эканамісты прагназуюць спад беларускай эканомікі

У цэлым, гаворачы аб будучыні беларускай эканомікі, Кацярына Барнукова адзначыла высокую ступень нявызначанасьці і зьвярнула ўвагу, што Беларусь вельмі залежыць ад таго, што адбываецца з асноўнымі гандлёвымі партнэрамі і ўвогуле ў сьвеце.

«Пры самым станоўчым сцэнары мы ўбачым рост у 1% ВУП. Але калі санкцыі запрацуюць як трэба — рост будзе нулявым ці нават −1%, гэта рэалістычны сцэнар. Горш, гэта значыць −2%, наўрад ці будзе, бо Расея працягне руку дапамогі і зьмякчыць эфэкт санкцыяў», — кажа Барнукова.

Вадзім Іосуб

Эканаміст Вадзім Іосуб, словы якога прыводзіць DW, у ацэнках больш пэсымістычны: «Пры адсутнасьці рэформаў сам патэнцыял росту беларускай эканомікі нізкі, каля 1%. Гэта ніжэй, чым ва ўсіх суседзяў, і ганебна ніжэй, чым у разьвіцьцёвых краін, да якіх адносіцца Беларусь. А калі да гэтага сьціплага патэнцыялу дадаць санкцыі, то ВУП зьнізіцца ад −1 да −3%».

Акрамя таго, паводле экспэртаў, на беларускую эканоміку ня можа не ўплываць палітычны крызіс у краіне, які правакуе падзеньне інвэстыцыяў і рост няпэўнасьці. Яшчэ адзін фактар, ад якога залежыць траекторыя эканомікі, — магчымасьць рэфінансаваць даўгі, калі з патэнцыйных крэдытораў у Беларусі засталася толькі Расея.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму беларуская эканоміка расьце, нягледзячы на крызіс. Разьбіраемся