Анатоля Каханчыка затрымалі 20 сьнежня, калі ён прыйшоў па позьве ў міліцыю. Пагражалі крымінальнай справай, калі не перафарбуе дом. У выніку пакаралі 25-дзённым арыштам паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаваньне).
Раніцай 24 сьнежня праваабаронцы «Вясны» даведаліся, што Анатоль Каханчык абвясьціў «сухое» галадаваньне.
Пазьней праваабаронцам стала вядома, што гаспадар Анатоль Каханчык трапіў у шпіталь. З прычыны галадоўкі ў яго пачаліся сутаргі, ваніты, ціск даходзіў да 220.
Праз моцныя праблемы са здароўем мужчына плянуе спыняць галадоўку.
Каханчыка ўжо судзілі за дом у нацыянальных колерах як за «несанкцыянаваны пікет», а цяпер пагражаюць і крымінальнай справай за нібыта «злоснае хуліганства».
Мужчына даведаўся пра гэта ў зьняволеньні, калі адбываў 15-дзённы арышт за рэпост артыкулаў з так званых «экстрэмісцкіх» інтэрнэт-рэсурсаў.
«Калі яшчэ сядзеў, мяне выклікалі да сьледчага. Той паказаў стос папераў, маўляў, рыхтуецца крымінальная справа за злоснае хуліганства, калі я не перафарбую сваю хату. Я сказаў, што як толькі вы распачняце крымінальную або адміністрацыйную справу, я ў той самы дзень пішу заяву на сухую галадоўку», — расказаў Анатоль Каханчык «Радыё Рацыя».
Старшыня Маласітнянскага сельсавету неаднаразова скардзіўся ў міліцыю на «бел-чырвона-белую хату». Аднойчы ўначы на падворку Анатоля Каханчыка зьявіліся невядомыя людзі, якія зафарбавалі карычневым колерам чырвоную паласу паміж белых, а «Пагоню» запэцкалі фарбай проста паверх шыбы звонку.
Вярнуўшыся пасьля адміністрацыйнага арышту, гаспадар аднавіў першапачатковыя колеры.