Крыніцы «Нашай Нівы» расказалі пра дэталі шматмільённага кантракту.
Вялікі комплекс «Газпром Цэнтру» хацелі забясьпечваць энэргіяй з сваёй міні-ЦЭЦ. Выбралі варыянт на базе газавых турбінаў. Займацца гэтым мела сэрбская кампанія «Energoprojekt Oprema A.D. Beograd».
«У ідэале плянавалася, што абсталяваньне купіць сам „Газпром трансгаз“, далей вызваліцца ад ПДВ згодна з спэцыяльным указам, а затым перадасьць яго сэрбам для мантажу, — расказваюць суразмоўцы. — Але нешта пайшло ня так, і сэрбы самі купілі абсталяваньне і даставілі яго на пляцоўку. Гэта павялічыла выдаткі, бо для сэрбскай „дачкі“ вызваленьня ад мыта не прадугледжвалася».
Недзе ў гэты ж час выявіліся хібы ў праекце ўсяго комплексу, забуксавала і будаўніцтва ЦЭЦ. Сэрбам перасталі пераводзіць выплаты, прапанавалі забраць абсталяваньне і зьмірыцца. Тыя адмовіліся.
Паколькі «Газпром трансгаз» сам спыніў будаўніцтва, а абавязак закупіць абсталяваньне партнэры выканалі, сэрбы падалі пазоў у арбітраж з патрабаваньнем кампэнсаваць выдаткі.
«Начальства „Газпром трансгазу“ лічыла, што яны абавязкова перамогуць у судзе, — кажа крыніца выданьня. — І нават пасьля першага званочка, пройгрышу ў Стакгольме, працягвалі верыць, што будзе пасьпяховая апэляцыя, бо суд нібыта не ўлічыў важных абставін».
Увесь гэты час абсталяваньне прастойвала: прыйшла яшчэ і пандэмія, тэрміны зацягнуліся. Умовы захоўваньня не адпавядалі прадугледжаным інструкцыяй, і мэталічныя часткі пачалі псавацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Газпрамаўскі даўгабуд у Менску абяцаюць здаць да канца 2020 году«Тэхніку зьбяёдалі, палова ўжо ня мае прамысловай каштоўнасьці, а кошт рамонту другой паловы сувымерны з цаной новай, — дадаюць крыніцы. — Склалася камічная сытуацыя: у „Газпром трансгазе“ сфармавалі камісію прымаць мэталялом у саміх сябе. Энэргетыкі ламаюць галаву, куды падзець гэтае жалеза і як даць справаздачу Маскве».
Паводле крыніцаў, за прамінулы час зьмянілася праектнае рашэньне, новы генэральны падраднік узгадніў міні-ЦЭЦ не на газавай турбіне. Зрэшты, будоўля стаіць, яе пэрспэктывы па-ранейшаму няпэўныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Газпрам-цэнтар»: амаль 7 гадоў недабуду ў Менску