У найбліжэйшыя дні праект новай Канстытуцыі будзе вынесены на ўсенароднае абмеркаваньне, пра гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў на чарговай нарадзе ў пытаньнях зьменаў у Асноўны закон.
Ён адзначыў, што гэта «падагульняльная нарада» рабочай групы перад апублікаваньнем праекту Канстытуцыі.
«Дзень-два выпраўляем памылкі, расстаўляем коскі і пасьля гэтага выносім на абмеркаваньне цяперашні праект», — сказаў Лукашэнка.
Па яго словах, у выпадку ўхваленьня зьменаў сыстэма кіраваньня ў дзяржаве будзе адбудаваная наноў.
«Калі народ падтрымае, нам, цяперашнім органам улады, у тым ліку і прэзыдэнту, і парлямэнту, давядзецца адбудаваць сыстэму ў краіне згодна з гэтай Канстытуцыяй. Але калі нехта думае, што мы гэта ўсё ні зь сяго ні з таго прымем і кінем і пачнецца каша і хаос, — гэтага ня будзе», — паабяцаў ён.
Кіраўнік адміністрацыі пра абмеркаваньне Канстытуцыі на «дыялёгавых пляцоўках»
Грамадзкае абмеркаваньне праекту абноўленай Канстытуцыі пачнецца на наступным тыдні, паведаміў журналістам кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка.
Паводле чыноўніка, падчас нарады з удзелам Аляксандра Лукашэнкі былі разгледжаныя ўсе разьдзелы праекта Канстытуцыі.
«У выніку прынялі рашэньне: на наступным тыдні пачынаем усенароднае абмеркаваньне. Адпаведна, праект Канстытуцыі зьявіцца ў сродках масавай інфармацыі, на партале Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі», – расказаў Ігар Сяргеенка.
Пры гэтым ён удакладніў, што канкрэтны тэрмін для грамадзкага абмеркаваньня пакуль не адводзіцца: усё залежыць ад актыўнасьці:
«Мы разьлічваем, што нашы грамадзяне актыўна адгукнуцца, унясуць свае прапановы, якія будуць улічаныя і дапрацаваныя ў ходзе наступнага этапу – па выніках усенароднага абмеркаваньня на розных дыялёгавых пляцоўках, сустрэчах у калектывах. Так мы выйдзем на канкрэтны тэкст Канстытуцыі, будзе адпаведны ўказ аб прызначэньні дня рэфэрэндуму», – падсумаваў ён.
Раней Сяргеенка неаднаразова блытаўся ў тэрмінах пачатку абмеркаваньня праекту Канстытуцыі. Спачатку абяцаў, што гэта зробяць да 7 лістапада, потым – да канца восені, у сярэдзіне сьнежня, нарэшце дацягнулі да канца году.
Гэтаксама невядомая і дата гіпатэтычнага рэфэрэндуму, Лукашэнка сёньня толькі ўскосна сказаў пра «канец лютага».
Канстытуцыйны рэфэрэндум заплянаваны на люты 2022 году, але дагэтуль няма ні канкрэтнай даты, ні тэксту праекту дакумэнту. Ніводзін экспэрт зь ліку апанэнтаў рэжыму да выпрацоўкі праекту Канстытуцыі не дапушчаны, дэталі праекту мала вядомыя людзям. На грамадзкае абмеркаваньне застанецца меней за два месяцы часу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зь відам на Беларусь без Лукашэнкі». У Вільні абмяркоўваюць альтэрнатыўную КанстытуцыюШто абяцае Канстытуцыйная камісія, скліканая Лукашэнкам
Шэраг паўнамоцтваў прэзыдэнта прапануецца замацаваць за ўрадам, заявіў падчас пасяджэньня камісіі яе кіраўнік, старшыня Канстытуцыйнага суду Пётра Міклашэвіч, перадавала БелТА.
Паводле яго, могуць быць пашыраныя паўнамоцтвы прэм’ер-міністра.
«Прапануецца пашырыць паўнамоцтвы прэмʼер-міністра, узмацніўшы яго ролю ў фармаваньні ўраду шляхам унясеньня прэзыдэнту прапаноў аб структуры ўраду, прызначэньня на пасаду намесьнікаў прэмʼер-міністра, міністраў і іншых чальцоў ураду», — адзначыў ён.
Пры гэтым Міклашэвіч заявіў, што ў Беларусі нібыта «няма аб’ектыўнай неабходнасьці мяняць форму кіраваньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зноў заявіў, што «наеўся канстытуцый, улады і ўсяго іншага»Як Лукашэнка абяцаў рэформу Канстытуцыі
- У сярэдзіне сакавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 105 аб Канстытуцыйнай камісіі. Створанай камісіі даручана распрацаваць прапановы для зьмены Асноўнага закону краіны і забясьпечыць іх усенароднае абмеркаваньне.
- Да 1 жніўня гэтага году камісія плянавала падаць Лукашэнку выпрацаваныя прапановы для іх вынясеньня на рэфэрэндум. У склад камісіі ўвайшлі 36 чалавек на чале са старшынёй Канстытуцыйнага суду Пятром Міклашэвічам. У камісіі няма ніводнага прадстаўніка апазыцыі і дэмакратычнай супольнасьці.
- У сакавіку 2019 году Лукашэнка сказаў, што ня супраць зьменаў у Канстытуцыю, асабліва ў частцы ўзмацненьня заканадаўчай улады.
- У траўні 2019 году Лукашэнка заявіў, што неўзабаве ў Беларусі будзе альбо новая Канстытуцыя, альбо будуць уносіцца зьмены ў дзейную. «Наша Канстытуцыя пачынае трошкі адставаць», — сказаў тады ён.
- У жніўні 2020-га на фоне пратэстаў супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў Пуцін, які падтрымаў Лукашэнку, выступіў за канстытуцыйную рэформу ў Беларусі як магчымае выйсьце з сытуацыі.
- У канцы лістапада 2020-га Лукашэнка заявіў, што «незнаёмаму прэзыдэнту такую Канстытуцыю аддаваць нельга, будзе бяда». І паабяцаў, што пры новай Канстытуцыі «я ўжо з вамі прэзыдэнтам працаваць ня буду».
- У сьнежні Лукашэнка заявіў, што «ўсебеларускі народны сход» трэба зрабіць канстытуцыйным органам. І перадаць менавіта гэтаму органу тыя паўнамоцтвы, якіх пазбавіцца прэзыдэнт.
- Але ўжо перад Новым годам стала зразумела, што пытаньне пра зьмены ў Канстытуцыю адклалі як мінімум да канца 2021-га. «Думаю, што да канца наступнага году праект новай Канстытуцыі будзе гатовы. І тады на рэфэрэндуме людзі вызначаць, быць новай Канстытуцыі ці ня быць», — сказаў Лукашэнка.
- 30 сакавіка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду наконт пераразьмеркаваньня паўнамоцтваў. На ёй ён заявіў, што неабходна захаваць моцную прэзыдэнцкую ўладу.
- «У прэзыдэнта застануцца асноўныя паўнамоцтвы, якія могуць уплываць на любое рашэньне зьнізу даверху. Дзе б ні быў Лукашэнка, які б ні быў тут прэзыдэнт, ён будзе кіраўніком дзяржавы з моцнымі паўнамоцтвамі, бо калі мы „разбавім“ будучага прэзыдэнта (не мяне гэта тычыцца), маюцца на ўвазе паўнамоцтвы найперш, краіне ня быць, яна зьнікне», — заявіў Лукашэнка.
- Ён падкрэсьліў, што прэзыдэнт і далей будзе галоўным у тых сфэрах, «дзе вырашаюцца найважнейшыя пытаньні для любога жыхара, суб’екта гаспадараньня і дзяржавы ў цэлым».