Хлопец, які сядзеў на Акрэсьціна зь Белавусам, Кузьнечыкам і Брэдзелевым, расказаў, як яны трымаюцца

У камэры ЦІП на Акрэсьціна. Ілюстрацыйнае фота

Мянчук адбыў 15 сутак у ізалятары на Акрэсьціна. Пасля вызваленьня ён зьвязаўся з «Нашай нівай» і расказаў, што перасекся там зь некалькімі вядомымі беларусамі, у прыватнасьці з заснавальнікам Symbal.by Паўлам Белавусам, фрылансэрам Радыё Свабода Андрэем Кузьнечыкам і прэс-сакратаром А1 Мікалаем Брэдзелевым.

Акрэсьцінская «клясыка»: безь перадач, сон на падлозе, начныя пабудкі

Антон (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі суразмоўцы) расказвае, што ў камэры, разьлічанай на чатыры чалавекі, іх было мінімум 15. У пікавыя моманты колькасьць арыштантаў дасягала 19.

Мужчыны, затрыманыя паводле «палітычных» артыкулаў КаАП, не атрымлівалі перадач, іх не вадзілі ў душ і на шпацыры. Спаць даводзілася на голых шконках без матрацаў ці на падлозе. Будзілі на пераклічкі па два разы штоноч: а другой і а чацьвёртай гадзіне.

«Мікалая Брэдзелева і яго сябра-адваката Аляксея, як я ведаю, затрымлівалі разам і вельмі жорстка. Іх пабілі, у кватэры патрушчылі тэхніку. Адвакат быў сінюшны: ногі ў сіняках, паясьніца, сіняк пад вокам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-сакратара кампаніі мабільнай сувязі А1 пакаралі арыштам на 15 сутак

З Паўлам Белавусам і Андрэем Кузьнечыкам Антон пабыў літаральна дзень. Павал, паводле яго, трымаўся бадзёра, а Андрэй першы час быў у напружаным стане: яму пагражалі тым, што будуць чапаць сям’ю, і ён за гэта вельмі перажываў.

«У Кузьнечыка выбівалі нейкія доступы да адміністраваньня, як я зразумеў. Акрамя таго, са мной апынуўся дырэктар ІТ-кампаніі Aivitam Дзьмітры Досаў, затрыманы нібыта за рэпост з „экстрэмісцкага“ тэлеграм-каналу. Яго, як я зразумеў, фізычна не прэсавалі. Наагул усе трымаліся добра: мы гулялі ў „Мафію“, „Кракадзіла“. Усе імкнуліся падтрымліваць адзін аднаго, ніхто ня хныкаў», — кажа Антон.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БАЖ патрабуе ад уладаў паведаміць, дзе і за што ўтрымліваюць журналіста Свабоды Андрэя Кузьнечыка

Камэры пачалі поўніцца экс-назіральнікамі з выбараў

Суразмоўца таксама адзначыў, што калі ў пачатку яго тэрміну большая частка сукамэрнікаў была асуджаная за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (19.11 КаАП), то пасьля ў «хаце» пачало зьяўляцца ўсё больш экс-назіральнікаў, якія працавалі на апошніх выбарах.

«Перад маім выпускам такіх было ў камэры адразу трое. Іх асудзілі за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі (артыкул 24.3 КаАП), але нічога такога, само сабой, не было», — расказвае Антон.