Справу вядзе судзьдзя Марына Клімчук, піша «Вясна». Дзяўчыну абвінавачваюць ва «ўдзеле ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі), за гэта ёй пагражае да 4 гадоў пазбаўленьня волі.
У судзе Ленінскага раёну 24 сьнежня будзе вынесены прысуд у крымінальнай справе студэнткі хімічнага факультэта БДУ Златы Януковіч. Дзяўчыну вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (ч. 1 артыкула 342 КК РБ).
Паводле «Вясны», пракурорка запрасіла для Златы Янукевіч тры гады «хіміі» за счэпку 10 жніўня мінулага году, якая трапіла на культавае фота.
Злата стала вядомай па фота, зробленым 10 жніўня 2020 году на Нямізе журналісткай Вольгай Шукайлай, якое хутка разьляцелася па інтэрнэце і стала адным з сымбаляў жаночага пратэсту.
На працэсе прысутнічала прадстаўніца Менсктрансу, якая прад'явіла Злаце матэрыяльны пазоў за ўсе выпадкі, калі быў перакрыты рух грамадзкага транспарту ў той дзень у горадзе Менску, гэта каля 22 000 рублёў.
Злату Януковіч затрымалі 13 кастрычніка за фатаздымак, зроблены 10 жніўня 2020 году ў Менску; паводле аднагрупнікаў, забралі проста з заняткаў. Пазьней у праўладных тэлеграм-каналах зьявілася «пакаяльнае» відэа зь ёй.
На судзе пабываў хрысьціянскі актывіст Сяргей Мельянец, які ў Фэйсбуку расказаў, што Злату абвінавацілі «ў закліках да актыўнага ўдзелу ў дзеяньнях, якія парушаюць грамадзкі парадак, удзелу ў іх, падбухторваньне да супрацьпраўных дзеяньняў, публічным выказваньні сваіх грамадзка-палітычных поглядаў незаконным спосабам, спалучананым зь яўным непадпарадкаваньнем прадстаўнікам улады і іншым».
Яна нібыта перашкаджала руху транспарту, дзейнічаючы сумесна і па папярэдняй змове з групай нявызначаных асобаў, рухалася па праезнай частцы ў счэпцы локцямі зь людзьмі, якая праявілася ў скрыжаваньні рук у локцевых суставах.
«Падстава для абвінавачаньня — адно фота, дзе Злата стаіць на праезнай частцы ў кампаніі 5 жанчын, якія трымаюць адна адну пад рукі. Прычым, як высьветлілася ў судзе гэта працягвалася некалькі хвілін, потым Злата адвяла пажылую жанчыну на тратуар, бо тая дрэнна сябе адчула, і больш на дарогу не выходзіла»,— паведаміў з суду Мельянец.
Злата Януковіч прызнала, што знаходзілася ў раёне праспэкта Пераможцаў каля дзевяці гадзін вечара, выходзіла на дарогу і пастаяла там некалькі хвілін, трымаючы за рукі жанчын.
Пасьля допыту абвінавачанай адвакатка пералічыла мноства нестыковак у справе і папрасіла апраўдаць Злату, а пракурор заявіў, што падстаў для вызваленьня ад крымінальнай адказнасьці няма і вынес прапанову накіраваць яе ў папраўчую ўстанову на 3 гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі Злату Януковіч, дзяўчыну з культавага фота з пратэстаў 2020 году ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да гэтага моманту баюся пачуць, што мой здымак паламаў ім жыцьцё». Беларускія фатографы пра сваю працу ў часы рэпрэсій