Пра справы супраць айцішнікаў
Тут справа не ў атацы на IT. Затрымліваюць вялікую колькасьць людзей, якія ўдзельнічалі ў маршах, якія посьцілі нешта ў сацыяльных сетках. Іх выяўлялі, напрыклад, па геалякацыі тэлефона падчас маршаў. І сярод гэтых людзей шмат айцішнікаў і топ-мэнэджараў. Шмат каго зь іх затрымлівалі на 15-30 сутак. Гэта не атака на IT, а пасьлядоўнае раскручваньне махавіка рэпрэсіяў. Рэжым займаецца запалохваньнем і задушэньнем любых пратэстаў. Рэжым паказвае, што ён помсьлівы і што нікога не забывае. Але цяпер пакуль рана гаварыць, што пачалася атака на IT, бо, акрамя гэтых затрыманьняў, нічога не адбываецца. Калі эканамічная сытуацыя ў краіне пагоршыцца, то айцішнікі будуць недзе ў сярэдзіне ліста тых, да каго могуць прыйсьці. Гэта прыбытковая сфэра, таму прыходзіць па грошы да іх пачнуць.
Пра наступствы заяваў Лукашэнкі
Для яго тут ёсьць фактар асабістай крыўды. Ён пазыцыянуе Парк высокіх тэхналёгіяй як сваё дзіця, што гэта ёй «левай цыцкай выкарміў» усіх айцішнікаў у нашай краіне, а яны, няўдзячныя, укусілі яго за правую. Калі ўважліва гэта слухаць, то там вельмі выразна чуваць ляйтматыў схаванай крыўды. Нейкія наступствы ўжо пачаліся. Быў павялічаны падатак у ПВТ. Пастаянна гучыць рыторыка, што мы вас усіх знойдзем і ўсім адпомсьцім.
Але гэта вельмі лёгкая і мабільная індустрыя з пункту гледжаньня рэлякацыі людзей і бізнэсу. Цяпер, у посткаранавірусны час, дзікая запатрабаванасьць на IT-спэцыялістаў. Кампаніі ніяк ня могуць задаволіць попыт рынку. Калі сапраўды пачнуцца нападкі на IT-індустрыю ў Беларусі, то яна тут жа паляціць адсюль, пачынаючы кампаніямі і канчаючы людзьмі. Гэта будзе вялікая страта, бо чалавечы капітал у гэтай індустрыі самы каштоўны.
Пра Парк высокіх тэхналёгій
Разьвівацца больш ён ня стаў, але і няма падзеньня. Назіраецца балянс. Шмат людзей зьехалі (больш за 20 тысяч афіцыйна), шмат людзей у падвешаным стане. Многія айцішнікі, працаўладкаваныя ў Беларусі, фізычна знаходзяцца ня ў ёй.
Я назіраю, што трошкі зьменшылася колькасьць IT-спэцыялістаў, бо шмат выехалі. Пры гэтым хтосьці і прыйшоў у галіну. Але выяжджаюць больш дасьведчаныя, бо яны добра ведаюць мову, ім лёгка знайсьці працу за мяжой. Нехта зь іх пакуль чакае, што будзе ў Беларусі. Калі нічога ня зьменіцца, то яны рэлякуюцца канчаткова і адбудзецца яшчэ большае вымываньне чалавечага капіталу.
З пункту гледжаньня фінансаў, калі падлічыць прыбыткі ПТВ, то атрымаецца вельмі цікавая карэляцыя паміж тым, наколькі павялічылі падатак, і тым, наколькі вырас прыбытак.
Пра атмасфэру для інвэстыцый
Мне здаецца, што інвэставаньне ў Беларусь са жніўня 2020 году знаходзіцца фактычна ў мёртвым стане. Пра гэта гавораць усе эканамісты, што ўсе праграмы інвэставаньня праваліліся. У тым ліку і ў IT-індустрыі. Сёньня інвэстары не давяраюць Беларусі, яе клімату, бо там не засталося бізнэс-клімату, ёсьць таталітарны рэжым. А ў такіх умовах твой бізнэс могуць заўтра забраць. І выпады ў адрас А1 толькі пацьвярджаюць прычыну, чаму інвэстыцыі адсутнічаюць. Перадумоваў для таго, каб інвэстар прыйшоў, я ня бачу. Гэта гульня ў рускую рулетку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такія Аліневіч, Раманаў, Дубоўскі і Разановіч. Партрэты сучасных анархістаў, якім прысудзілі ад 18 да 20 гадоў турмыПра ўдзел «Голоса» ў зрыве рэфэрэндуму
Рэфэрэндум нелегітымны, яго не праводзіць легітымная ўлада. Папярэдне мы пойдзем па шляху прэзыдэнцкіх выбараў, калі мы будзем прасіць людзей сфатаграфаваць бюлетэнь. Але фінальнага пляну дзеяньняў мы пакуль даць ня можам. Не абвешчаны ані сам рэфэрэндум, ані ўмовы. Магчыма, забароняць тэлефоны або будуць усіх аглядаць, а можа, паставяць па амапаўцу да кожнай скрыні. Мы разумеем, што жывём у новай «нармальнасьці», у якой магчыма ўсё. Мы будзем глядзець і адаптоўвацца да сытуацыі. Калі мы будзем дакладна ведаць, у якіх умовах пройдзе рэфэрэндум, тады мы дамо канкрэтныя інструкцыі.
Пра сумневы, што рэфэрэндум увогуле абвесьцяць
Мы бачым, што Лукашэнка максымальна адцягвае гэты момант. Пэрыядычна ў яго рыторыцы гучыць, а каму гэты рэфэрэндум патрэбен, а мо ня варта яго праводзіць. Відаць, што ён сам шукае зачэпку, каб трошкі адтэрмінаваць або адмяніць яго.
Зразумела, што вынікі сфальсыфікуюць. Але любы такі акт плебісцыту, калі людзі зьбіраюцца разам, каб выказаць сваю волю, гэта стрэсавая сытуацыя для рэжыму. А зрабіць бюлетэнь несапраўдным — гэта менш стрэсавая сытуацыя для людзей. Зрабіць гэта значна прасьцей, чым вынесьці бюлетэнь ці парваць яго. Калі б лодзі не пайшлі на выбары ў 2020, то ніхто б потым і не абурыўся, што нас чарговы раз падманулі. Выкрэсьліваньне двух варыянтаў — гэта акурат спосаб давесьці, што рэфэрэндум нелегітымны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Больш за 4 тысячы пацыентаў за тры тыдні». Як працуе сэрвіс «Тэлемэдыцына», які дае працу рэпрэсаваным лекарамПра стан Лукашэнкі і ягоных апанэнтаў
На маю думку, перавага цяпер захоўваецца на баку дэмакратычных сілаў. Візуальна ў гэта вельмі складана паверыць. Але калі мы ўспомнім, што было ў 2006-м, 2010-м, 2015-м, то тады рэжым проста ўсіх душыў, перамагаў, вызначаў свае правілы, абменьваўся палітвязьнямі, здымаў зь сябе санкцыі і выдатна забясьпечваў сабе чарговую пяцігодку. Гэта першы год, калі так не адбылося. Праз 1,5 года рэжым знаходзіцца ў сытуацыі значна горшай, чым перад выбарамі. Нягледзячы на тое, што вонкавая каньюнктура дазволіла з эканамічнага пункту гледжаньня дастаткова добра рэжыму сябе адчуваць. У посткаранавірусны час эканоміка ўсяго сьвету расла дзікімі тэмпамі. 2022 год будзе значна больш складаны для Лукашэнкі. Тыя дзеяньні, якія ён зрабіў сёлета, а гэта закрыцьцё СМІ, пасадка самалёту, мігранцкі крызіс, яны зрабілі яго канчаткова палітычным трупам у вачах ЭЗ. І тыя 3,5 мільярда, якія ён просіць у Пуціна, ня факт, што Расея іх дасьць. Лукашэнка сёньня знаходзіцца ў больш уразьлівай сытуацыі.
Нягледзячы на рэпрэсіі і зачыстку, яго сытуацыя не палепшылася. Зь ім не гатовыя гандляваць, ён больш ня можа балянсаваць на канфлікце паміж Захадам і Ўсходам, бо Захад пабудаваў перад ім бэтонную сьцяну. Менавіта гэта зьяўляецца самай вялікай заслугай беларускага народу і дэмакратычных сілаў, што паволі, але беларускі рэжым заганяецца ў кут. У сытуацыю, дзе ён вымушаны будзе адступаць і дамаўляцца, ісьці на саступкі. Пазыцыі Лукашэнкі сёньня не ўзмацняюцца, а слабеюць, нягледзячы на ўсе рэпрэсіі і жорсткасьць. Гэта дае мне надзею, што ўсё ідзе ў слушным кірунку, калі рэжым заганяецца ў кут. Гэта кепска для краіны, бо эканамічны крызіс — гэта заўсёды кепска. Але сёньня ніхто ня можа прапанаваць іншых варыянтаў, таму ЭЗ і ЗША ўводзяць санкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сотні тысяч, па-ранейшаму актыўныя, патрабуюць пераменаў», — распрацоўнік «Голасу» пра IT-тэхналёгіі супраць дубінак