«Фігурант справы ад жніўня 2020 году па сакавік 2021-га на створаным ім Youtube-канале разьмясьціў відэазапісы заахвочвальнага характару з мэтай вядзеньня дэструктыўнай дзейнасьці, накіраванай на абвастрэньне напружанасьці ў грамадзтве, стварэньня нэгатыўнай ацэнкі дзейнай улады і дыскрэдытацыі Беларусі на міжнароднай арэне», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
Акрамя «інфармацыйнага ўзьдзеяння», адзначаецца далей, абвінавачаны нібыта «схіляў грамадзян» да дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, разьмяшчаючы інфармацыю пра месца і час правядзеньня акцый, тым часам «навучаючы і рыхтуючы патэнцыйных удзельнікаў».
Паводле сьледзтва, 23 жніўня і 27 верасьня мінулага году Аляксандар Івулін браў удзел у масавых акцыях у Менску.
Аляксандра Івуліна абвінавацілі паводле ч.1 арт.342 КК (арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Санкцыя артыкулу прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам да 4 гадоў. Крымінальная справа перададзена пракурору для накіраваньня ў суд.
Перасьлед журналіста Івуліна
Спартовы журналіст, аўтар папулярнага youtube-каналу «ЧестнОК» Аляксандар Івулін у зьняволеньні ўжо больш за 6 месяцаў, з 4 чэрвеня.
Спачатку яго затрымалі нібыта за бел-чырвона-белы сьцяг на бальконе, а затым ня выпусьцілі пасьля адміністрацыйных «сутак» і завялі на яго крымінальную справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
Праваабаронцы прызналі Аляксандра Івуліна палітвязьнем. У Беларусі на 22 сьнежня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 942 чалавекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу спартовага журналіста Івуліна перадалі ў пракуратуру. Пагражае да 4 гадоў турмы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кайфую». Што піша на волю спартовы журналіст Івулін