Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што скончыў расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні да палітзьняволенага Алеся Пушкіна.
Мастаку выставілі абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 130 (наўмысныя дзеяньні па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асобаў) і арт. 370 (зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў) Крымінальнага кодэксу.
Справу перадалі пракурору для накіраваньня ў суд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сяджу з крымінальнікамі, якія думаюць, што я хачу стаць прэзыдэнтам». Што піша палітвязень Алесь ПушкінУ чым вінавацяць Алеся Пушкіна
Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка 2021 году ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Ён фігурант крымінальнай справы, якую пачала горадзенская пракуратура паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці). Паводле пракуратуры — «за ўчыненьне наўмысных дзеяньняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму».
Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара, выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадзкога жыцьця» ў Горадні.
Паводле belsat.eu, сьледчыя пачалі правяраць іншыя мастацкія працы Алеся Пушкіна — цыкль «Беларускі супраціў», які мастак стварыў больш за 20 гадоў таму. Гэта партрэты як мінімум двух беларускіх дзеячоў антысавецкага руху часоў Другой усясьветнай вайны — Усевалада Родзькі і Міхала Вітушкі. Таксама сьледчыя высьвятляюць ролю Пушкіна ў стварэньні дакумэнтальнага фільму «Праклятыя і забытыя», зьнятага тэлеканалам «Белсат» у 2013 годзе.
Раней да Алеся Пушкіна зьвярталіся з прапановай напісаць заяву аб памілаваньні, але ён адмовіўся, піша «Салідарнасць» са спасылкай на адвакатку. «Сказаў, што нічога дрэннага не рабіў і ніякіх прашэньняў падпісваць ня будзе», — сказала адвакатка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволены мастак Алесь Пушкін просіць перадаць на суд вышыванку