Амбасады Нямеччыны і Швэцыі падтрымалі беларускіх палітвязьняў перад Калядамі

Амбасада Швэцыі ў Менску, архіўнае фота

На 21 сьнежня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ў Беларусі 933 чалавек.

Амбасада Нямеччыны ў Менску адправіла да Калядаў лісты 35 беларускім палітвязьням.

«З болем усьведамляем, што ў сямейныя сьвяты Калядаў і Новага году ў многіх беларускіх сем’ях за сталамі застанецца вольнае крэсла — месца бацькі, сына ці сябра, затрыманых з палітычных прычынаў», — напісалі на старонцы дыпмісіі ў Facebook.

У амбасадзе спадзяюцца, што дасланыя 35 лістоў у калёніі і сьледчыя ізалятары лісты падораць зьняволеным «крыху сіл і надзеі», бо выказваюць спагаду нямецкіх дыпляматаў да лёсу больш за 900 палітвязьняў.

Амбасада падкрэсьліла, што ўрад Нямеччыны патрабуе неадкладнага вызваленьня ўсіх палітзьняволеных у Беларусі.

Да акцыі салідарнасьці зь вязьнямі рэжыму Лукашэнкі далучылася і амбасада Швэцыі ў Менску.

«Гісторыя кожнага зьняволенага — красамоўнае сьведчаньне крызіснай сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі», — адзначаецца на старонцы дыпмісіі ў Facebook.
Перад Калядамі швэдзкія дыпляматы павіншавалі асуджаных Міколу Статкевіча, Леаніда Судаленку, Ірыну Шчасную, Яўгена Афнагеля, Максіма Вінярскага, Соф'ю Малашэвіч, Андрэя Скурко, Вольгу Класкоўскую ды іншых палітвязьняў.