Ужо сёньня: Гадавіна перамогі рэвалюцыі ў Румыніі; год таму — Сэнат ЗША ўхваліў Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі

Рэвалюцыя ў Румыніі, 1989

Падзеі 22 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі

Дата дня

22 сьнежня 2001 году памёр сьвятар і перакладчык Уладзіслаў Чарняўскі.

Музэй Уладзіслава Чарняўскана ў Вішнева

«Кожны народ павінен маліцца ў сваёй мове». Вернасьць гэтаму credo беларускі сьвятар Уладзіслаў Чарняўскі пранёс праз усё жыцьцё.

Ягоны зямны шлях пачаўся ў ваколіцах старажытных Гальшанаў. Гімназія пры Друйскім кляштары айцоў марыянаў, што знаходзілася пад уплывам беларускіх ксяндзоў, дала душы моцны нацыянальны гарт. Сваю першую імшу малады сьвятар Уладзіслаў, як і некалі ягоны брат па духу Адам Станкевіч, адправіў па-беларуску ў векавечным Крэве.

Ад сярэдзіны 1950-х амаль паўстагодзьдзя айцец Уладзіслаў служыў у касьцёле Сьвятой Марыі ў Вішневе пад Валожынам.

Гэтае старажытнае мястэчка цікавае не адным касьцёлам — помнікам раньняга барока. Зь Вішневам было зьвязанае жыцьцё асьветніка часоў Рэфармацыi Сымона Буднага, у гэтых мясьцінах жылі й знайшлі апошні спачынак паэты Канстанцыя Буйло і Пятро Бітэль.

Аднак у 70–80-я гады мінулага стагодзьдзя ў Вішнева прыяжджалі найперш да айца Ўладзіслава, доўгі час адзінага ў Беларусі каталіцкага сьвятара, які служыў па-беларуску. У яго бывалі Ўладзімер Караткевіч, Зянон Пазьняк, гiсторык i лiтаратуразнаўца Анатоль Сідарэвіч.

Да яго ехала па духоўную падтрымку адраджэнская моладзь. Я ведаю дзясяткі людзей, якія прынялі ў айца Ўладзіслава хрост. Сярод іх — вядомы праваабаронца, кандыдат на Нобэлеўскую прэмію міру Алесь Бяляцкі.

У 1960-я рымскі папа Павал VI прапанаваў ксяндзу Чарняўскаму заняць пасаду адміністратара для ўсіх каталікоў Беларусі. Савецкія ўлады не далі на гэта дазволу, як пазьней адхілілі й просьбу Ватыкану аб прызначэньні айца Ўладзіслава біскупам.

Улады некалькі разоў не дазвалялі яму паехаць у Рым, але былі ня ў стане пахіснуць велізарны маральны аўтарытэт сьвятара сярод вернікаў і клеру.

Ён убачыў зьдзяйсьненьне мары пра беларускую мову ў каталіцкіх сьвятынях і дачакаўся выданьня свайго перакладу Новага Запавету.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 484-485.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падкаст Арлова. Бог разумее па-беларуску

У гэты дзень год таму

  • Сэнат ЗША ўхваліў Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі.
  • Арцыбіскупу Кандрусевічу дазволілі вярнуцца ў Беларусь.
  • Сілавікі правялі ператрус у офісе «Прэс-клюбу», затрыманая кіраўніца клюбу Юлія Слуцкая.
  • Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей прыгразіў эўрапейскім краінам перагледзець шэраг праграм Эўразьвязу, якія дзейнічаюць у Беларусі пры амбасадах.

Гэты дзень у гісторыі

1216 — Папа Ганорый III зацьвердзіў ордэн дамініканцаў.

Княжыцы, Магілёўская вобласьць, Дамініканскі касьцёл сьвятых Антонія і Мікалая

1264 — падпісаная мірная і гандлёвая дамова Полацку з Рыгай і Інфлянцкім ордэнам.

1917 — у Менску ўтварыўся Выканаўчы камітэт Першага Ўсебеларускага зьезду.

1932 — афіцыйная рэгістрацыя Таварыства беларускай асьветы, створанага ў Вільні.

1945 — у Менску адкрыўся Беларускі тэатральны інстытут (з 1993 году — Беларуская акадэмія мастацтваў).

1989 — у Румыніі перамагла народная рэвалюцыя, скіраваная супраць рэжыму Нікалае Чаўшэску. Сам ён быў неўзабаве расстраляны разам з жонкай.

1990 — Лех Валэнса заступіў на пасаду прэзыдэнта Польшчы.

Лех Валэнса паміж Войцехам Ярузэльскім і сваім дарадцам Браніславам Герэмэкам на першай сэсіі парлямэнту, абранага на свабодных выбарах, Варшава, ліпень 1989

У гэты дзень нарадзіліся

1639 — Жан Расін, францускі драматург, адзін зь «Вялікай тройкі» драматургаў Францыі XVII стагодзьдзя, поруч з Карнэлем і Мальерам.

1858 — Джакама Пучыні, італьянскі кампазытар.

1922 — Алена Васілевіч, беларуская пісьменьніца.

Алена Васілевіч

У памяці

1937 — Янка Вярсоцкі, каталіцкі сьвятар і грамадзкі дзеяч (расстраляны).

1989 — Сэмюэл Бэкет, ірляндзкі пісьменьнік, паэт і драматург, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры (1969).

Сэмюэл Бэкет на рэпэтыцыі спэктакля па ягонай п'есе «У чаканьні Гадо»