Пракуратура не выключае, што будзе дамагацца ордэра на арышт, паведамляе партал Onet.pl.
25-гадовы Чэчка перайшоў мяжу і, паводле ўладаў Беларусі, папрасіў палітычнага прытулку. Польскі вайсковец сьцьвярджае, што не пагаджаецца з палітыкай польскіх уладаў адносна мігрантаў. У інтэрвію беларускім прапагандыстам ён расказаў, што польскія сілавікі забіваюць на мяжы валянтэраў і саміх мігрантаў. Чэчка заявіў, што асабіста браў удзел у экзэкуцыях. Польскія ўлады не камэнтуюць гэтых заяваў. Мясцовыя СМІ, у тым ліку апазыцыйныя да ўладаў Польшчы, называюць выказваньні Чэчкі выдумкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За год у Польшчу зь Беларусі спрабавалі незаконна трапіць амаль 40 тысяч чалавекFakt: Чэчка катаваў уласную маці
Польскае выданьне Fakt апублікавала дэталі асабістага жыцьця Чэчкі, якія, на думку газэты, паўплывалі на рашэньні дэзэртыраваць. Супрацоўнікі выданьня пабывалі ў горадзе Барташыцэ на поўначы Польшчы, дзе вырас і жыў Чэчка. Суседзі расказалі, што яшчэ ўлетку даведаліся пра тое, што мужчына б’е сваю маці.
«Гэта было ўлетку, маці з крыкам выбегла на падворак, прасіла дапамогі», — успамінае суседка.
На месца здарэньня выклікалі паліцыю. Паколькі Чэчка быў жаўнерам, то зьявілася і Вайсковая жандармэрыя. Высьветлілася, што Чэчка пабіў уласную маці, піша Fakt.
Паводле выданьня, з маці жаўнер зьдзекаваўся ад 2020 году. Ён яе біў, крычаў, прымушаў купляць сабе цыгарэты і алькаголь і нават забараняў уваходзіць у адзіны ў кватэры пакой. Гвалт абвастрыўся ў траўні 2021 году.
«7 траўня 2021 году ён шмат разоў ударыў ахвяру адкрытай далоньню па твары і ў заднюю частку галавы, а пасьля абедзьвюма рукамі сьціскаў далоні на яе шыі, выцяў яе таксама кулаком і галавой у твар і пагражаў ёй сьмерцю», — паведаміў газэце прэс-сакратар Акруговага суду ў горадзе Ольштын Альгерд Дамброўскі-Жагальскі.
«Раней маці не заяўляла на яго, ён зьдзекаваўся зь яе за зачыненымі дзьвярыма», — расказалі суседзі Чэчкаў.
Акруговы суд у Барташыцах у верасьні прысудзіў жаўнеру 6 месяцаў пазбаўленьня волі і забараніў набліжацца да маці бліжэй чым за 50 мэтраў. На працягу году яму забаранілі зьвязвацца з ёй. Эміль Чэчка падаў апэляцыю. Чарговае судовае паседжаньне павінна адбыцца 29 сьнежня 2021 году.
Пасьля гэтага здарэньня жаўнер вярнуўся ў войска, паколькі прысуд не набыў моцы. Яго накіравалі на мяжу. Але неўзабаве ён і так меўся пакінуць армію.
«Прысуд другой інстанцыі, пэўна, завяршыўся б пацьвярджэньнем першага прысуду. Мужчына баяўся гэтага вэрдыкту», — піша Fakt.
Onet.pl: «Хлопцы ў сярэдняй школе крыху яго цкавалі»
«Калі я ўбачыў навіну, яго імя і прозьвішча, потым твар, я быў у шоку. Я ня верыў, што гэта зрабіў Эміль. Але іншае зьдзівіла мяне яшчэ больш. Я маю на ўвазе, як такі хлопец мог апынуцца ў войску, — расказвае выданьню Onet.pl былы аднаклясьнік Чэчкі, пан Марэк. — Гэта быў недарэка. Ведаеце, я не хачу нічога такога казаць, але хлопцы ў сярэдняй школе крыху яго цкавалі. Нічога асаблівага, але мы крыху пасьмейваліся зь яго. Яго не ўспрымалі сур’ёзна».
Гэтую вэрсію шмат у чым пацьвярджае і другі жыхар Бартошыц, Лукаш. Ён вучыўся ў паралельнай клясе з Чэчкам: «Бездар, яго часта дражнілі. Магчыма, за лапавухасьць. Але гэта было ня ўсё. Часам яму было цяжка выказвацца. Я вельмі зьдзівіўся, калі даведаўся, што нехта прыняў такога хлопца ў войска».
Лукаш узгадвае Эміля з сумеснай паездкі ў Варшаву: «Потым я зь ім крыху пагутарыў. Ён цікавіўся гісторыяй, і я думаю, што ў яго гэта добра атрымлівалася. Памятаю, мы былі ў Музэі Варшаўскага паўстаньня. Ён засыпаў нас гістарычнымі датамі і курʼёзамі».
У прадуктовай краме ў невялікім раёне Бартошыцаў прадавачкі сьмяюцца, што Бартошыцы нарэшце сталі вядомымі на ўсю Польшчу. Адна з супрацоўніц сьцьвярджае, што ведала Эміля ў твар, калі ён прыходзіў у краму. Ён здаваўся звычайным нармальным хлопцам. «Але ці вядома, што ў каго ў галаве», — заўважае жанчына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы зафіксавалі рэкордна нізкую колькасьць спробаў нелегальнага перасячэньня мяжыЗь некалькіх незалежных крыніц, зьвязаных з войскам, а таксама вайсковымі спэцслужбамі, Onet.pl даведаўся, што польскія спэцслужбы ў гэты момант правяраюць вэрсію імавернай супрацы Чэчкі зь беларускімі спэцслужбамі, якая пачалася да пераходу мяжы. Вядома, што правяраюць сястру Чэчкі, партнэр якой зьяўляецца беларусам.