Іх абвінавацілі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынку ДАІ ў Мазыры і Дзяржаўнага камітэту экспэртыз у Гомельскай вобласьці. Больш за год іх трымаюць у СІЗА КДБ, ім пагражала да 20 гадоў зьняволеньня.
22 сьнежня Аліневіча, Дубоўскага, Разановіча і Раманава прызналі вінаватымі наступных артыкулаў:
- ч. 2 арт. 289 КК – акт тэрарызму;
- ч. 2 і ч. 4 арт. 295 КК – незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;
- ч. 1 арт. 333-1 КК– незаконнае перамяшчэньне празь мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў (толькі Дзьмітрыя Дубоўскага і Ігара Аліневіча).
Паводле «Вясны» судзьдзя Вячаслаў Тулейка агучыў выракі:
Ігару Аліневічу прысудзілі 20 гадоў зьняволеньня,
Дзьмітрыю Дубоўскаму — 18 гадоў ,
Дзьмітрыю Разановічу — 19 гадоў ,
Сяргею Раманаву —20 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такія Аліневіч, Раманаў, Дубоўскі і Разановіч. Партрэты сучасных анархістаў, якім прысудзілі ад 18 да 20 гадоў турмыЯк праходзіў суд
На пачатку працэсу судзьдзя Вячаслаў Тулейка па хадайніцтве пракурора зрабіў разгляд справы закрытым для слухачоў; прычына — абарона пэрсанальных зьвестак трох пацярпелых, якія праходзяць у справе, паведаміла «Вясна».
Вядома, што прынамсі трое абвінавачаных — Аліневіч, Разановіч і Раманаў — не прысутнічалі на працэсе. Як вынікае зь ліста аднаго з падсудных Дзьмітрыя Дубоўскага, апублікаванага тэлеграм-каналам «Права на паўстаньне», яны адмовіліся наведваць паседжаньні «да пэўнага моманту».
«Безумоўна, засмуціла яшчэ і тое, што вас (тых, хто прыйшоў) выдалілі з залі і зрабілі паседжаньне закрытым, што, у прынцыпе, было чакана.
Пасьля гэтага наагул не хацелася там заставацца, у прынцыпе, што і зрабілі мае таварышы, якія вырашылі не наведваць паседжаньняў да пэўнага моманту, каб не псаваць сабе нэрвы і не марнаваць сілы на бескарыснае мерапрыемства. Я, у сваю чаргу, пакуль яшчэ наведаю адно паседжаньне, паназіраю за працэсам... але без асаблівага ўмяшаньня з свайго боку. Будзем чакаць спрэчак бакоў і апошняга слова з прысудам. Здаецца, усе абяцалі зьявіцца і вярнуцца ў суд менавіта ў гэтыя апошнія дні разгляду справы! :)»
У лісьце Дубоўскі таксама напісаў, што рады быў урэшце пабачыць у судзе сястру Юлію, зь якой яны ня бачыліся каля 10 гадоў, дзякуе ўсім, хто прыйшоў у суд, каб падтрымаць фігурантаў справы. «Моцна не хвалюйцеся, усё хутка скончыцца і абавязкова павернецца ў добры бок!» — напісаў ён.
Анархісты Ігар Аліневіч, Дзьмітры Дубоўскі, Дзьмітры Разановіч і Сяргей Раманаў былі затрыманыя ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 году непадалёк ад беларуска-ўкраінскай мяжы.
Больш за год іх трымалі ў СІЗА КДБ, аднак 26 лістапада ўсіх іх перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анархіста Сяргея Раманава пакаралі годам калёніі за парушэньне прэвэнтыўнага нагляду. Неўзабаве яго чакае яшчэ адзін суд