«Мы не Папялушкі, мы рэальная сіла». Якая цана ўдзелу жанчын у беларускай рэвалюцыі?

Затрыманьне Вольгі Гарбуновай на жаночым маршы 19 жніўня 2020. Ілюстрацыйнае фота

Якім быў 2021 год для жанчын, якая цана палітычнага ўдзелу жанчын у мірнай беларускай рэвалюцыі, а таксама ў якіх сфэрах беларускія жанчыны дасягнулі найбольшага посьпеху і выніку?

Абмяркоўваюць на Свабодзе Premium грамадзкая дзяячка Марына Адамовіч, жонка палітвязьня Міколы Статкевіча, пісьменьніца Сьвятлана Курс (Ева Вежнавец), сёлетняя пераможца прэміі Гедройця, і гендэрная экспэртка Юлія Міцкевіч, сябра «Фэмгрупы» Каардынацыйнай рады.

Сьцісла

  • Марына Адамовіч: Беларускія жанчыны ў любых умовах ёсьць годным прыкладам для перайманьня; мне здаецца, яны нават больш, чым мужчыны, прадэманстравалі сілу духу, нязломнасьць і годнасьць. Для мяне жанчыны 2021-га — усе нязломныя, няскораныя беларускія жанчыны.
  • Сьвятлана Курс: Адыходзіць гэты мачызм, калі ёсьць пахан, павіян, які ўсімі камандуе, усіх гвалціць і раздае заданьні, ёсьць ягоныя пахолкі і слугі, а ёсьць найніжэйшы ўзровень — жанчыны, якія проста рэсурс.
  • Юлія Міцкевіч: Якую цану плаціць жанчына за палітычны ўдзел? Гэта пакараньне. Як хатні агрэсар карае сваю жанчыну за ўсякую праяву незалежнасьці. Гэта штрафныя ізалятары для Паліны Шарэнды, мужчынская турма для Натальлі Хершэ ці псыхіятрычная клініка для Вольгі Залатар.

Глядзіце размову на відэа цалкам

«Усе нязломныя, няскораныя беларускія жанчыны — жанчыны 2021 году»

— У фэйсбук-суполцы «Толькі жанчыны» больш за тыдзень ідзе галасаваньне за «Жанчынаў году». Кандыдатураў шмат, сёлетняя намінацыя не сьвяточная. На першым месцы зь вялікім адрывам — усе палітычна зьняволеныя жанчыны, на другім — дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, на трэцім — палітык Марыя Калесьнікава, на чацьвёртым былая кіраўніца прытулку для ахвяраў хатняга гвалту Вольга Гарбунова, на шостым — шматдзетная маці Вольга Залатар. Каго вы назвалі б жанчынамі 2021-га? Якім быў гэты год для вас?

Марына Адамовіч. 30 ліпеня 2020 году на выбарчым мітынгу ў Менску

Марына Адамовіч: 2021 год быў вельмі цяжкім і трагічным. Былі незваротныя страты, адыходзілі сябры, блізкія людзі. Насуперак агульнаму стану дэпрэсіі ў грамадзтве, для мяне асабіста гэта быў год надзеі. Насуперак усяму, беларусы працягваюць дэманстраваць свае найлепшыя якасьці. Я не кажу пра тых, хто зараз зьяўляецца паслугачамі д’ябла, яны — бяз нацыі, без народу. А людзі ўпарцяцца, дэманструюць неймаверную падтрымку і салідарнасьць.

І яшчэ ў гэтым годзе я двойчы бачыла Мікалая.

Што да майго выбару «Жанчын году», то я салідарная з тымі, хто выбірае жанчын-палітвязьняў. Беларускія жанчыны ў любых умовах ёсьць годным прыкладам для перайманьня, і, мне здаецца, яны больш, чым мужчыны нават, прадэманстравалі сілу духу, нязломнасьць і годнасьць. Я б і пашырыла — гэта ўсе нязломныя, няскораныя беларускія жанчыны.

«„Жанчынай году“ я назвала б Вольгу Гарбунову»

Сьвятлана Курс

Сьвятлана Курс: Тытул «Жанчына году» я дала б Вользе Гарбуновай. Перад тым, як трапіць у турму, яна ціха рабіла вельмі важную справу. Гэта дом, дзе жанчыны мелі хавацца ад хатняга гвалту. І цяпер яна пацярпела двойчы — як чалавек, які хацеў ратаваць іншых і ўжо ня зможа гэтага рабіць; і як чалавек, якога трэба ратаваць самога. Яна пацярпела гэтак жа, як і Леанід Судаленка (суд палічыў фінансаваньнем масавых беспарадкаў заклік праваабаронцы купіць дровы для шматдзетнай сямʼі. — РС), проста за тое, што хацела дапамагаць людзям, якія апынуліся ў найгоршай сытуацыі. У выпадку Судаленкі гэта халодная хата, у выпадку Вольгі — гэта дапамога жанчынам, якім не дапамагла дзяржава, не дапамагалі блізкія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманую экс-кіраўніцу «Радаславы» Гарбунову вінавацяць у арганізацыі жаночых маршаў, ёй пагражае 3 гады зьняволеньня

Калі жывеш на эміграцыі, то болей бачыш няшчасьцяў (няшчасьці заўсёды гучней крычаць) і ня бачыш станоўчых тэндэнцыяў. Для мяне асабіста было вельмі цяжка вынесьці, як гэты князь цемры топча жывым людзям хрыбты. З другога боку, людзі, якія прыяжджалі ў Польшчу зь Беларусі, гаварылі, што яшчэ нічога ня вырашана, нічога ня зломлена, пратэст як цёк, так і цячэ. Людзі спрабуюць выжыць, што таксама ёсьць вялікай формай пратэсту. Мы маглі бачыць гэта ў позьнія гады Савецкага Саюзу, калі арганізацыяў не было, а людзі зьбіраліся, каб пасьпяваць песенькі, каб сустрэць вясну, і за гэта нават былі перасьледаваныя.

Гэтыя цячэньні нікуды не зьнікаюць, з той жа вадой нічога ня зробіш. І гэта крыніца майго аптымізму, хаця я вельмі цяжка пераношу, калі іншых людзей паддаюць несправядлівасьці... Я многа перакладала дакумэнтаў пакалечаных людзей; людзей, якія ўцяклі, у чым стаялі; я сустракалася з многімі людзьмі, чые семʼі літаральна разваліліся.

Што тычыцца году прыватнага — для мяне ён быў цалкам шчасьлівым, але адно ад другога не аддзярэш, грамадзяніна ад чалавека ў сабе ададраць ня выйдзе. Таму гэта быў і шчасьлівы, і цяжкі год. Ці з аптымізмам гляджу ў будучыню? Без аптымізму. Рэалістычна. Савецкі Саюз трымаўся на ідэалёгіі і на сіле, а гэты рэжым трымаецца на адной задніцы, на адной жывой біялягічнай задніцы, а гэта вельмі слабае падгрунце, і гэтая задніца рана ці позна паляціць.

«Для мяне гэта год жанчын»

Юлія Міцкевіч

Юлія Міцкевіч: Калі параўноўваць з канцом мінулага году, то я адчуваю сябе крыху больш упэўненай, чым год таму, калі мусіла пасьля арышту зьехаць зь Беларусі. Было вельмі складана. Накладаюць яшчэ пачуцьцё віны: як ты магла зьехаць... Гэты быў год зьмяншэньня падтрымкі з боку блізкіх людзей, як ні дзіўна. Ведаю, што такое адбылося ў многіх іншых, асабліва жанчын і дзяўчат, якія вымушана пераехалі ў іншыя краіны. Раней на хвалі пратэстаў было разуменьне, што мы разам і разумеем, за што мы. Цяпер многія з тых, хто застаецца ў Беларусі, натуральна, ад дэпрэсіі, пачынаюць паддавацца думцы, навошта гэта ўсё было, мо і ня варта. Мне адзін блізкі чалавек нядаўна сказаў, што ўсё ня так адназначна, калі я спрабавала сказаць, што не нясу адказнасьці за тое, што адбываецца, а адказныя за гэта пэўныя людзі і рэжым. Гэта балюча.

З другога боку, для мяне гэта год неймавернай падтрымкі і салідарнасьці. Для мяне ўвогуле гэта Год жанчын. Летась гэта было больш сымбалічна — жанчыны з кветкамі, у белым, палітычнае трыё, сымбалі, якія яны паказвалі, а сёлета сымбалізм перайшоў у рэальную сілу.

Куды б я ні ехала, сустракала паўсюль жанчын, якія робяць калясальную працу, на жаль, часта (вымушана ці сьвядома) нябачную. Гэта жанчыны ў Беларусі, за межамі Беларусі, якія працуюць для Беларусі, гэта жанчыны ў дыяспарах, жанчыны ўва ўсіх палітычных структурах, у фондах салідарнасьці, жанчыны, якія застаюцца ў дваровых супольнасьцях. Жанчыны працягваюць быць той сілай, безь якой перамены ад пачатку не былі магчымыя і ўжо ня будуць магчымыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жыцьцё стала барацьбой». Размова зь Ціханоўскай, Цапкалай і сястрой Калесьнікавай

«Мы не выбіралі гэтага лёсу, але сёньня ў нас няма іншага выбару, як падтрымліваць свайго блізкага столькі, колькі спатрэбіцца»

— Родныя палітзьняволеных фактычна атрымліваюць той жа самы тэрмін, што і іхныя блізкія, на іх ляжыць адказнасьць ня толькі ў пытаньні перадач, нейкіх арганізацыйных рэчаў, яны становяцца голасам палітвязьня, яго прадстаўніцамі ў сьвеце. Даша Лосік, Вольга, Тацяна і Ганна Севярынцы, Сьвятлана Ціханоўская і многія іншыя нясуць сьвету боль, праўду, ідэі палітвязьняў. Што такое быць жонкай палітвязьня? Што дае жанчынам сілу і веру? Як іх можна падтрымаць?

Марына Адамовіч: Няма для мяне асаблівага статусу ў тым, каб быць жонкай палітвязьня. Быць проста жонкай, падтрымліваць ува ўсім свайго мужа — гэта натуральны стан. Мы ж не выбіралі статус жонкі, матулі, бабулі, бацькі, дзіцяці, сябра ці сяброўкі? Хоць мы гаворым у рамках праграмы «Толькі жанчыны», я не магу абмінуць мужчын, якія цалкам узялі на сябе падтрымку зьняволеных жанчын, — такіх, як тата Машы Калесьнікавай, тата Антаніны Канавалавай, Андрэй Шарэнда, муж Паліны Шарэнды-Панасюк... Такіх хлопцаў насамрэч хапае, хаця жанчын усё ж больш, бо мужчын за кратамі больш, і традыцыйна гэтая опцыя прыпадае на жаночую долю.

Мы не выбіралі гэтага лёсу, але сёньня ў нас няма іншага выбару і выйсьця, як натуральна падтрымліваць свайго блізкага столькі, колькі спатрэбіцца. Што дае сілы? Каханьне, безумоўна. І вера. А ў маім выпадку і цьвёрдае веданьне, што ўсё гэта непазьбежна завершыцца, што жыцьцё можа быць абсалютна цудоўным як да, так і пасьля выпрабаваньняў, якія выпадаюць на нашу долю. Вера ў тое, што ўсё будзе добра з нашай краінай і з нашымі блізкімі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітыку Міколу Статкевічу 65 гадоў. Зь іх 8 у ён правёў турмах

Немажліва перадаць маю ўдзячнасьць за падтрымку, якую я атрымліваю ад людзей, у тым ліку і ад тых, хто апынуўся ў тым жа становішчы. З 2010 году мы працягваем сябраваць з цудоўнымі жанчынамі, якія называюць адна адну сёстрамі. Маю на ўвазе маіх дарагіх сябровачак, якія прайшлі той жа лёс 11 гадоў таму і якія сёньня праходзяць той жа самы шлях, што і я (Валянціна Аліневіч, маці Ігара Аліневіча. — РС). Неўзабаве будзе вынесены прысуд Ігару Аліневічу, я разумею, што ён будзе жорсткім. І тут падтрымка надзвычай важная.

Ідзеш па горадзе — і нехта дакранаецца да тваёй рукі і кажа: «Трымайцеся». Пазаўчора была дзівосная сытуацыя, калі мяне проста дагнала жанчына, запыталася: «Вы Марына?» — і ўручыла мне сукенку, якую сама зрабіла. Такія рэчы вельмі саграваюць і запаўняюць сэрца вялікай удзячнасьцю і верай у тое, што ўсё будзе добра. Велізарная падтрымка — гэта Мікалай, яго бязьмерны аптымізм. Перад спатканьнем, калі я прачытала пра ўмовы ў калёніі адмысловага рэжыму, было непрыемна, гадка, мярзотна, бо гэта ў істоце турэмны, безнадзейна жорсткі рэжым. І нейкі час, адна ў гатэльным нумары, я была ў адчаі, але назаўтра, пабачыўшы Мікалая, выскачыла з гэтага СІЗА — і мяне «накрыла», бо ён настолькі моцны і аптымістычны чалавек. Мікалай прасіў беларусаў трымацца, ён абсалютна перакананы, што перамога непазьбежная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У старасьці і сьмерці няма нічога непераадольнага». Як беларуская пісьменьніца стала апякункай для старых палякаў

«Беларускае грамадзтва пабачыла, колькі яно павінна сваім жанчынам і наколькі гэтыя жанчыны файныя»

— Сьвятлана, я вельмі рада, што ёсьць і добрыя навіны 2021 году — у Беларусі ўпершыню жанчына атрымала прэмію Гедройця, упершыню першую і другую прэмію атрымалі аўтаркі, чые кнігі выдала жаночая выдавецкая ініцыятыва: вы за «Па што ідзеш, воўча» і Таня Скарынкіна за «Райцэнтар». Як вам здаецца, наколькі ў беларускім літаратурным працэсе сталі больш бачныя і заўважныя жанчыны? Ці гэта неяк зьвязана з тымі драматычнымі падзеямі, што адбываюцца ў Беларусі?

Сьвятлана Курс: Магчыма, і ёсьць нейкая ўзаемасувязь, але апасродкаваная. Проста беларускае грамадзтва пабачыла, колькі яно павінна сваім жанчынам і наколькі гэтыя жанчыны файныя. І гэта ўбачылі ня толькі мужчыны, але і мы самі. Я да гэтага не прымазваюся, бо не была ўдзельніцай, я была ў Польшчы, аднак і здалёк, і зблізку гэта выглядала прыўкрасна. Думаю, што грамадзтва зразумела, што яно мае даўжок.

Жаночыя заслугі прызнаюцца толькі тады, калі яны ў некалькі разоў перасягаюць аналягічныя заслугі мужчын. Я зараз не пра сябе гавару, не пра сваю прэмію, я гавару пра тэндэнцыю. Як сказала нейкая фэміністка, жанчыне трэба ў 10 разоў болей зрабіць, каб дасягнуць таго ж самага, што мужчына на яе ўзроўні.

З другога боку, я даўно адчувала, што адыходзяць гэтыя патрыярхатныя каштоўнасьці, увесь гэты мачызм, калі ёсьць пахан, павіян, які ўсімі камандуе, усіх гвалціць і раздае заданьні, а ёсьць ягоныя пахолкі і слугі, а ёсьць яшчэ найніжэйшы ўзровень — жанчыны, якія проста рэсурс. Гэты патрыярхат сваё аджыў. Мы ўвесь гэты павіянавы статак маем у выглядзе нашага рэжыму, дзе ёсьць нібыта мача, ёсьць ягоныя пахолкі і ёсьць тыя, каго яны жаруць (рэсурс), і гэта ўжо больш не працуе. Гэта неэфэктыўна, немагчыма без істотнай, мэтаскіраванай падтрымкі звонку.

Гэта толькі пытаньне часу. Я ўпэўненая, што ў нас у краіне будзе так, як цяпер у Скандынавіі. Нядаўна бачыла карцінку зь Фінляндыі, дзе чатыры галоўныя міністры — маладыя 30-гадовыя жанчыны з найвышэйшай адукацыяй, прыгожыя, пры гэтым выглядаюць ня фіфамі, а нармальнымі, хатнімі дзяўчатамі, нармальнымі людзьмі; яны інтэграваныя ў працэс, якім кіруюць, — у эканоміку, адукацыю, мэдыцыну і ўрэшце ў сілавыя структуры. І мне гэта надае крылаў, я веру, што ўсё будзе добра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэмію Гедройця за 2020 год атрымала Ева Вежнавец за кнігу «Па што ідзеш, воўча?»

«Сьвятлана Ціханоўская — палітык, робіць калясальную працу, але па-ранейшаму застаецца ўмоўнай Папялушкай»

— Юлія, пасьля зьняволеньня летась увосень вы ўжо год як вымушана жывяце на чужыне і максымальна імкняцеся рабіць усё магчымае ў прасоўваньні ідэяў гендэрнай роўнасьці. У мяне да вас пытаньне, якое вы абмяркоўвалі на сустрэчы «Фэмгрупы» Каардынацыйнай рады з прадстаўніцамі штабу Сьвятланай Ціханоўскай падчас канфэрэнцыі ў Вене: якая цана ўдзелу жанчын у мірнай беларускай рэвалюцыі — як палітычнага, усьвядомленага ўдзелу, так і неўсьвядомленага?

Юлія Міцкевіч: Мне таксама хацелася б, як у Скандынавіі, як у Швэцыі напрыклад, дзе ёсьць першы фэмінісцкі ўрад у сьвеце. Але я разумею, што, каб гэтага дамагчыся, прыйдзецца зрабіць вялікую працу. «Фэмгрупа» доўга вяла перамовы з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай, каб пытаньні правоў жанчын і гендэрная тэма былі важнымі і прыярытэтнымі для іх. Крыху больш чым праз год я магу сказаць, што маем прагрэс у гэтым кірунку, мы арганізоўвалі сумесную падзею, плянуем рабіць вялікую міжнародную жаночую канфэрэнцыю, якая будзе называцца «Моцныя жанчыны — моцная Беларусь».

Якую цану плаціць жанчына за свой палітычны ўдзел? Гэта, безумоўна, пакараньне. Лукашэнка, усё яго атачэньне, уся сыстэма пабудаваныя паводле прынцыпу, калі хатні гвалтаўнік, мужчына — агрэсар, які карае сваю жанчыну за ўсякую праяву незалежнасьці і самастойнасьці. У нашым выпадку гэта турэмныя тэрміны, катаваньні за кратамі, якімі караюць жанчын за іх актыўнасьць ці за непаслухмянасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ціханоўская — люстэрка, у якое глядзіцца беларускае грамадзтва». Філёзаф Вольга Шпарага пра сваю кнігу «Ў рэвалюцыі жаночае аблічча»

Гэта штрафныя ізалятары, як у выпадку з Палінай Шарэндай, ці мужчынская турма, як у выпадку з Натальляй Хершэ, ці псыхіятрычная клініка, як у выпадку з Вольгай Залатар. Гэта яшчэ і сацыяльнае неўхваленьне, якое праз вусны АМАПу і ГУБАЗіКу накладаецца: «Як пасьмела жанчына выходзіць і нечым такім займацца? Ты ж маці, ты ж жонка, ты павінна сядзець дома. Ясная рэч, калі мужчына выйшаў, а ты чаго выйшла?».

Калі паглядзім на жанчын, якія падтрымліваюць сваіх блізкіх палітвязьняў, як Марына Адамовіч ці Даша Лосік, то іх караюць за тое, што яны ня толькі падтрымліваюць мужоў як «правільныя жанчыны», а за тое, што яны падтрымліваюць пазыцыю сваіх мужчын. Ці як Марыя Ўсьпенская, жонка Андрэя Зельцара, якая цяпер знаходзіцца ў вельмі складаных умовах у СІЗА КДБ, якую караюць за праяву яе пазыцыі, за тое, што яна была разам з мужам і гэта быў яе сьвядомы выбар.

Ёсьць вельмі шмат нябачнай працы жанчын, якая абясцэньваецца. Калі стала вядома, што Сьвятлана Ціханоўская можа атрымаць Нобэлеўскую прэмію міру, то адзін з мужчын яе атачэньня сказаў, што Сьветачка, вядома, заслугоўвае, бо яна наша Папялушка. У мяне заўсёды крыху шок ад такіх словаў, бо Сьвятлана — палітык, робіць калясальную працу, але па-ранейшаму застаецца такой умоўнай папялушкай. Як і ўсе мы — такія ўмоўныя папялушкі, якія павінны рабіць нашу працу. Гэта для нас натуральна, мы мусім яе рабіць шмат, але ціха, пра гэта пажадана не гаварыць і пагатоў не прэтэндаваць на ўладу.

Сёньня, калі мы паглядзім на атачэньне Сьвятланы Ціханоўскай, там большасьць мужчынаў, і з гэтым шмат давядзецца працаваць, але зьмены ўжо бачныя. Вельмі важна, каб праца жанчын, іх неймаверны ўнёсак ня быў абясцэнены. Мы не папялушкі, мы рэальная сіла. Як у адной песьні, «жанчыны не гуляюць, яны праводзяць стары рэжым», і бяз гэтых жанчын нічога такога не было б магчыма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У гэтай рэвалюцыі жаночы твар». Як жанчыны зрабілі пратэст мірным

Галоўнае жаданьне на 2022 год

  • Юлія Міцкевіч: Я вельмі хацела б вярнуцца дадому, як і многія з нас: пабачыць сямʼю, блізкіх і абняць іх.
  • Сьвятлана Курс: Хачу, каб мы вярнулі сабе свой дом, забраны невядома кім. Каб хатнія гвалтаўнікі апынуліся там, дзе ім месца, — у турмах і з «воўчым білетам», каб яны ня сьмелі больш падысьці да жанчын нашай сямʼі. І каб спадарыня Вольга Гарбунова магла далей трымаць цёплы дом для бітых жанчын.
  • Марына Адамовіч: Маё самае вялікае жаданьне, першы пасыл да сусьвету — свабоду Беларусі. Бо нашае шчасьце, свабода, пляны і вяртаньне нашых блізкіх залежаць ад выкананьня гэтага.