Літва гатовая перадаць Украіне летальную зброю, — кіраўнік літоўскага Міністэрства абароны

Міністар абароны Літвы Арвідас Анушаўскас

Міністар абароны Літвы Арвідас Анушаўскас заявіў, што Літва гатовая перадаць Украіне летальнае ўзбраеньне, перадае LRT.

«Украіну трэба ўсяляк падтрымліваць, і Літва гатовая да гэтага, у тым ліку да перадачы летальнай зброі Ўкраіне», — заявіў Анушаўскас 19 сьнежня.

Пры гэтым ён не ўдакладняе, якую зброю Літва мае намер перадаць Украіне.

«Я ня буду цяпер адказваць наўпрост, гэта пытаньне шматбаковага пагадненьня, бо ўдзельнічаюць некалькі дзяржаў, ня толькі донар і атрымальнік зброі, але і вытворца і пастаўшчык», — сказаў Анушаўскас.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Украіны пра абарону мяжы на поўначы і ўсходзе: «Умацоўваем памежную інфраструктуру ня толькі з адной краінай»

Аб гатоўнасьці Літвы перадаць Украіне зброю Анушаўскас гаварыў на сумеснай прэс-канферэнцыі з міністаркай абароны Нямеччыны Крыстын Ламбрэхт, якая прыбыла ў Літву зь візытам да вайскоўцаў сваёй краіны. Гэта першы яе візыт за мяжу пасьля абраньня новага ўраду Нямеччыны.