Саўка ды Грышка: «Пахне чабор!»

Героі Лявона Вольскага цытуюць радок са знакамітага лірычнага верша Петруся Броўкі — радок, які цяпер набыў новыя сэнсы.

Грышка:
Хіба на год гэты можна забыцца?

Саўка:
Хто — у цюраге, а хто — за граніцай.

Грышка:
Гвалт, крывадушша, суцэльны тэрор.

Разам:
Пахне чабор.

Грышка:
Год васямнаццаць, а можа ўсе дваццаць
Сьвеціць тут тым, хто ня хоча скарацца.

Саўка:
Што тут за запах, таварыш маёр?

Разам:
Пахне чабор.

Саўка:
Я для сібя аканчацельна поняў:
Ад БЧБ будзь падальшэ з Пагоняй.
Лучшэ уж красна-зялёны дэкор.

Грышка:
Сьцяг і Пагоня заўжды будуць побач,
Хай часам хваляй накатвае роспач.
Водар разьліўся да сонца, да зор.

Разам:
Пахне чабор.