Суд у Флорыдзе прысудзіў мясцоваму жыхару Робэрту Палмэру пяць гадоў і тры месяцы турэмнага зьняволеньня, прызнаўшы яго вінаватым у нападзе на паліцыянтаў з ужываньнем дошкі і вогнетушыцеля, перадае «Голас Амэрыкі».
Прысуд быў абвешчаны ў пятніцу. Палмэру пагражаў тэрмін да 20 гадоў пазбаўленьня волі, а таксама штраф памерам да 250 тысяч даляраў. «Ваша чэсьць, мне сапраўды вельмі сорамна за тое, што я зрабіў», — сказаў 54-гадовы жыхар Флорыды скрозь сьлёзы, зьвяртаючыся да судзьдзі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканцу, які ўцёк у Беларусь з ЗША, выставілі абвінавачаньні ў справе штурму КапітоліюБок абвінавачаньня сьцьвярджае, што падчас падзеяў у Капітоліі 6 студзеня сёлета Робэрт Палмэр кінуў драўляную дошку ў паліцыянтаў, калі тыя ахоўвалі заходні ўваход у будынак Кангрэсу, а пазьней распыліў у іх бок вогнетушыцель. Калі балён апусьцеў, ён кінуў яго ў супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Палмэр — адзін з больш чым 700 чалавек, якім выстаўленыя абвінавачаньні ў сувязі зь беспарадкамі ў пачатку студзеня. Падчас штурму дзясяткі паліцыянтаў былі зьбітыя і атрымалі раненьні. Беспарадкі ў той дзень сталі прычынай сьмерці пяці чалавек. Шкода, нанесеная Капітолію, ацэненая на паўтара мільёна даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры чалавекі загінулі ў выніку штурму Капітолія прыхільнікамі Трампа. Што адбылося- Да абвяшчэньня прысуду Робэрту Палмэру самы працяглы тэрмін, прызначаны ў сувязі са студзеньскімі падзеямі, складаў 41 месяц турмы. Ён быў вынесены Джэйкабу Чэнсьлі, аднаму з самых вядомых удзельнікаў нападу, які штурмаваў будынак Кангрэсу паўразьдзетым і ў футравай шапцы з рагамі.
- Незадоўга да падзеяў у Капітоліі Дональд Трамп у той самы дзень выступіў на мітынгу сваіх прыхільнікаў паблізу Белага дому. Ён паўтарыў недаказаныя яго юрыстамі ў судах абвінавачаньні, што вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у лістападзе 2020 году, на якіх перамог дэмакрат Джо Байдэн, былі сфальсыфікаваныя.