Асудзілі работніка «Беларуснафты» за абразу Лукашэнкі і Караева і «пратэсты»
Геафізыку прадпрыемства «Беларуснафта» Міхаілу Лапенасу далі тры гады калёніі агульнага рэжыму. Прысуд агучылі ў судзе Навабеліцкага раёну Гомля 17 сьнежня, паведамляе «Флагшток».
Справу разгледзеў за два дні судзьдзя Аляксандар Зінчук. Дзяржаўная абвінаваўца — Натальля Капітанава.
Лапенаса прызналі вінаватым у «масавых беспарадках», «абразе прадстаўніка ўлады» і «абразе Лукашэнкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пісаў у чаце, каб пазбавіцца душэўнага болю». Судзяць супрацоўнікаў «Беларуснафты» за допісы ў закрытым чацеПаводле матэрыялаў справы, мужчына заклікаў наведвальнікаў закрытага чата прадпрыемства да ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах «па матывах палітычнай варожасьці», абразіў у чаце Юрыя Караева (у жніўні 2020 году — міністар унутраных спраў) і Аляксандра Лукашэнку.
Міхаіл Лапенас прызнаў віну часткова — у абразах, але ня згодны, што «падрыхтоўваў і арганізоўваў масавыя беспарадкі».
Справа яшчэ аднаго супрацоўніка «Беларуснафты» Дзьмітрыя Грышчанкі яшчэ разглядаюць у судзе Цэнтральнага раёну Гомля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволеная Натальля Хершэ пра разрыў адносін з мужам: «Часам у Бога для цябе зусім іншы сцэнар»Ператрус у прафэсара за ўдзел у «Сходзе»
У прафэсара катэдры вышэйшай матэматыкі і матэматычнай фізыкі БДУ, доктара фізыка-матэматычных навук Натальлі Абрашынай-Жадаевай адбыўся ператрус. 17 сьнежня ейнае імя было ў сьпісах затрыманых, піша Reform. by.
Жанчына напісала, што за ёй прыйшлі з КДБ. Пазьней яна паведаміла, што знаходзіцца на працы пад падпіскай аб невыдаваньні.
«У сувязі з прызнаньнем плятформы „Сход“ экстрэмісцкай і разглядам асобнымі дэпутатамі пытаньня аб спыненьні ейнай працы, складаю зь сябе паўнамоцтвы дэлегата і ў дадзенай структуры больш не бяру ўдзелу», — напісала яна.
Натальля паведаміла, што ў яе няма ейнага мабільнага тэлефона і пляншэта.
Сёлета ў жніўні зь ёй гутарылі ў КДБ, яна дала падпіску аб невыдаваньні. Зь ейных словаў, яна праходзіла сьведкам па 6-8 крымінальных артыкулах. У той дзень адбываліся ператрусы ў дэлегатаў плятформы «Сход», людзей забіралі на допыты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджаны на «хімію» дырэктар вэб-студыі: «Пэрсанал турмы пераходзіў са мной на беларускую мову»