Заява прагучала ў адказе Анатоля Глаза на пытаньне аб учорашніх выніках саміту Эўразьвязу.
«Прагучаныя чарговыя санкцыйныя пагрозы зусім не зьдзівілі. На жаль, рыторыка агрэсіі становіцца дамінантнай у ЭС, і эўрачыноўнікі ўпарта ідуць гэтым тупіковым шляхам. Пагрозы, зразумела, не спрыяюць вырашэньню ніякіх праблем, а толькі пагаршаюць сытуацыю. На любыя санкцыі ды іншыя дэструктыўныя крокі заўсёды будзе адэкватны адказ. І ёсьць адчуваньне, што асобныя краіны ЭЗ гэтага адказу могуць ужо ня вытрымаць», — сказаў Глаз.
Анатоль Глаз лічыць, што дзеяньні Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі накіраваныя на яе дэманізацыю:
«Яшчэ раз паўтараем свой заклік да ЭЗ перастаць генэраваць напружанасьць і пачаць вырашаць сумесныя праблемы ў нашым рэгіёне агульнымі намаганьнямі шляхам узаемапаважлівага дыялёгу», — зазначыў Глаз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз папярэдзіў пра новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і наступствы для Расеі ваеннай агрэсіі супраць УкраіныЛідэры 27 краін Эўразьвязу асудзілі дзеяньні Менску ў «інструмэнталізацыі мігрантаў і ўцекачоў», у выніку чаго на мяжы з ЭЗ утварыўся гуманітарны крызіс, і аб’явілі аб гатоўнасьці прыняць новыя санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай заяве саміту ЭЗ.
«Эўрапейская рада падкрэсьліла важнасьць найхутчэйшай рэалізацыі забаронных мер пасьля зацьвярджэньня пятага санкцыйнага сьпісу і заявіла аб гатоўнасьці прыняць новыя санкцыі ў выпадку неабходнасьці», — гаворыцца ў заяве.
«Эўрапейская рада падкрэсьліла важнасьць забесьпячэння бесьперашкоднага доступу для міжнародных арганізацый у Беларусь і пашырэньня гуманітарнай падтрымкі, а таксама садзейнічаньня вяртаньню мігрантаў на радзіму зь Беларусі», — зазначаецца ў дакумэнце.
У ЭЗ таксама заклікалі вызваліць усіх палітвязьняў і спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ. Акрамя таго, зазначаецца, што беларускі народ мае права выбіраць прэзыдэнта на новых свабодных і справядлівых выбарах.
Таксама лідэры краін Эўрапейскага зьвязу папярэджваюць Расею аб «масавых наступствах і цяжкіх стратах» у выпадку ваеннай агрэсіі супраць Украіны і заклікаюць вярнуцца да дыпляматычных мэтадаў дээскаляцыі напружанасьці.
Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.
У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.
24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:
- У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
- У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
- У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
- У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
- У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
- У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
- Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.
Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў
Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.
Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.
Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.
Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».