Сьвятлана Ціханоўская паведамляе, што з дапамогай гэтага каналу Сяргей Ціханоўскі хоча размаўляць зь беларусамі, нават знаходзячыся ў калёніі.
«Сяргей хоча, каб ягоны голас быў чутны. Таму запускаецца новы тэлеграм-канал „Тюрьма Для Жизни“. Гэта канал пра тое, што адбываецца зь ім у турме, як ён сябе адчувае, пра што перажывае, што думае пра Беларусь. Бо ў зьняволеньні таксама ідзе сваё жыцьцё: непрывабнае ў побыце, эмацыйна цяжкае, са сваімі момантамі радасьці і болю. Але гэта аб’ектыўная рэальнасьць тысяч нявінных людзей. Уся інфармацыя для каналу бярэцца зь лістоў Сяргея ды зь іншых публічных крыніц. Я прашу вас падтрымаць праект — гэта вельмі важна для ўсіх нас», — сказала Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 18 гадоў зьняволеньня. У закрытым судзе вынесьлі выракі Лосіку, Папову, Сакаву, Статкевічу, Ціханоўскаму і Цыгановічу. ФОТА і ВІДЭА14 сьнежня блогера Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў калёніі. Гэта максымальнае пакараньне, якое атрымаў апанэнт Лукашэнкі за 27 гадоў. Ціханоўскага абвінавацілі па ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варажнечы), ч. 2 арт. 191 (перашкоды працы ЦВК), ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
Разам зь ім судзьдзя Мікалай Доля асудзіў яшчэ 5 палітвязьняў:
- Журналісту Радыё Свабода Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму,
- Апэратару Арцёму Сакаву — 16 гадоў узмоцненага рэжыму,
- Палітыку Міколу Статкевічу — 14 гадоў асаблівага рэжыму,
- Мадэратару сацыяльных сетак Дзьмітрыю Папову — 16 гадоў узмоцненага рэжыму,
- Блогеру Ўладзімеру Цыгановічу — 15 гадоў зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму.