Выпадкі заражэньня «омікронам», выяўленым упершыню ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы ў канцы лістапада, ужо пацьверджаныя ў 77 краінах, а іх колькасьць падвойваецца кожныя два-тры дні. Пра гэта заявіў тэлеканалу Sky News спэцыяльны прадстаўнік САЗ для барацьбы з COVID-19 Дэйвід Набара.
Паводле яго, сытуацыя з «омікронам» стане «ў восем разоў больш сур’ёзнай праз тыдзень і ў 40 разоў больш сур’ёзнай праз два тыдні». Нават калі пацьвердзіцца меншая летальнасьць омікрон-штаму, хуткае распаўсюджаньне вірусу «страсяне» сыстэмы аховы здароўя, лічыць прадстаўнік САЗ. У такіх умовах пазьбегнуць высокай сьмяротнасьці атрымаецца толькі пры вялікай удачы. Паводле Набара, ён «ніколі ня быў больш занепакоены» COVID-19, чым цяпер. У сувязі з гэтым ён заклікаў прадоўжыць вакцынацыю, у тым ліку прымяняць бустэры, а таксама скараціць сацыяльныя кантакты паміж усімі людзьмі без выключэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 20 тысяч хворых на ковід у дзень. Як ацэнкі «Народнага апытаньня» адрозьніваюцца ад афіцыйныхДасьледаваньне навукоўцаў мэдычнага факультэту Ганконгскага ўнівэрсытэту паказала, што «омікрон» размнажаецца ў бронхах чалавека ў 70 разоў хутчэй, чым зыходны варыянт вірусу і індыйскага штаму «дэльта».
Кіраўніца Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен папярэдзіла, што варыянт «омікрон» можа стаць дамінуючым у Эўропе ў студзені.
Днямі ўлады Вялікай Брытаніі заявілі, што новым штамам каранавірусу ў краіне, па ўсёй верагоднасьці, штодня заражаюцца каля 200 тысяч чалавек. У Лёндане «омікрон» ужо стаў пераважным варыянтам вірусу. У брытанскай сталіцы, дзе вірус распаўсюджваецца імкліва, значна вышэйшая верагоднасьць падхапіць COVID-19, чым прастуду, кажуць мэдыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз шукае спосабы, як перадаць беларусам заходнія вакцыны ад COVID-19У сераду ў Вялікай Брытаніі было зафіксавана больш за 78 тысяч выпадкаў заражэньня каранавірусам — гэта рэкордная колькасьць з пачатку пандэміі. За мінулыя суткі колькасьць новых выпадкаў вырасла амаль на 20 тысяч.
Навукоўцы папярэджваюць, што з прычыны вялікай колькасьці мутацый «омікрон» можа быць устойлівы да вакцынаў і антыцелаў пасьля хваробы.