«Мы з сумам вымушаныя вам паведаміць, што офіс USAID у Менску спыняе працу па абставінах, якія не залежаць ад нас, — гаворыцца ў лісьце. — Мы вывелі ідэальны рэцэпт посьпеху, калі да сумесных намаганьняў супрацоўнікаў офіса USAID Беларусь, World Learning і прымаючых амэрыканскіх арганізацый па арганізацыі праграмы дадаўся ваш прафэсіяналізм, прыхільнасьць справе і настойлівасьць. У выніку нашых намаганьняў нарадзілася ўнікальная супольнасьць выпускнікоў праграмы Community Connections. Мы захапляемся і ганарымся нашымі выпускнікамі і ня стомімся гэта паўтараць».
На сайце USAID зазначаецца, што дзейнасьць агенцтва ў краіне была накіраваная на «садзейнічаньне трансфармацыі Беларусі ў дэмакратычную рынкава арыентаваную дзяржаву».
USAID працавала ў Беларусі з 1999 году.
20 кастрычніка 2021 году беларускія ўлады запатрабавалі ад ЗША яшчэ больш абмежаваць працу амэрыканскага дыпляматычнага прадстаўніцтва: звольніць 20 беларускіх супрацоўнікаў і закрыць аддзел сувязяў з грамадзкасьцю амбасады ЗША, офіс Агенцтва міжнароднага разьвіцьця (USAID) і Амэрыканскі цэнтар у Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі абавязалі закрыць у Менску Амэрыканскі цэнтар і офіс USAID. Што гэтыя ўстановы рабілі для беларусаў?Што зрабіла для Беларусі USAID
Агенцтва міжнароднага разьвіцьця з 90-х гадоў ажыцьцяўляла ў Беларусі праграмы дапамогі амэрыканскага ўраду, якая ішла на:
- разьвіцьцё прадпрымальніцтва,
- пашырэньне малых і сярэдніх прыватных прадпрыемстваў,
- стварэньне новых высокааплатных працоўных месцаў,
- павышэньне ўзроўню жыцьця,
- барацьбу з COVID-19 у час, калі беларускія ўлады грэбліва ставіліся да пандэміі,
- мэтавае фінансаваньне сем’яў у пацярпелых ад радыяцыі раёнах,
- прафіляктыку, дыягностыку і лячэньне сухотаў,
- падтрымку больш як 36 тысяч дзяцей-сірот і сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва,
- выхаваньне дзяцей-сірот і неабароненых дзяцей у сем’ях (калі ў 2005 годзе ў дзяржаўных установах выхоўваліся 29,4% дзяцей, то ў 2014-м — 16,5%),
- разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці,
- доступ да аб’ектыўных крыніц інфармацыі.