Чаму Сяргею Ціханоўскаму, Ігару Лосіку, Міколу Статкевічу і іншым удзельнікам іх справы далі такія вялікія тэрміны зьняволеньня? Чаму гэтыя тэрміны розныя, але і даволі блізкія? Ці магчымая лібэралізацыя цяперашняга рэжыму? Ці імаверны санкцыйны адказ на сёньняшнія прысуды?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч і палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі.
Класкоўскі
- Цяпер заўважным праціўнікам рэжыму маленькіх тэрмінаў не даюць.
- Калі Бабарыку далі 14 гадоў, назіральнікам было зразумела, што Ціханоўскаму менш не дадуць.
- Падчас леташняй выбарчай кампаніі менавіта Ціханоўскі і Бабарыка прыцягнулі да сябе ўвагу.
- Яны выглядалі ў роўнай ступені небясьпечнымі для рэжыму.
- Тое, што яму далі 18 гадоў, — гэта ў пэўнай ступені ацэнка маштабу асобы, маштабу палітыка.
- Адносна Ціханоўскага дадаўся матыў асабістай помсты.
- Ён летась стаў асабістым ворагам правадыра рэжыму, найперш праз сваю стылістыку.
- Гэта і помста за фэнамэнальны посьпех ягонай жонкі, якую летась зарэгістравалі «дзеля прыколу», маўляў, якую небясьпеку ўяўляе хатняя гаспадыня?
- Улады пачулі смак гэтых расправаў.
- Калі Ціханоўскаму далі 18 гадоў, то і іншым чальцам гэтай групы трэба было даваць сувымерныя тэрміны, бо інакш момант асабістай помсты быў бы яшчэ больш відавочны.
- Нават калі пачнецца ўмоўнае «адкручваньне гаек», відавочна, што пачнуць не зь Ціханоўскага і не са Статкевіча.
- Статкевіча і падчас мінулай «ходкі» вызвалілі апошнім.
- У межах патэнцыйнага палітычнага гандлю чым большыя тэрміны, тым даражэйшы палітычны «тавар».
- Міністар Макей ужо прапаноўваў палякам вызваленьне пэўных палітычных вязьняў у абмен на пэўныя саступкі з польскага боку.
Карбалевіч
- Такі жорсткі прысуд Ціханоўскаму і яго паплечнікам — гэта ў пэўнай ступені адказ на апошні пакет санкцыяў.
- Гэта сыгнал Захаду — чым больш вы будзеце на нас ціснуць, тым большы будзе маштаб рэпрэсіяў.
- Жорсткі прысуд Ігару Лосіку — адказ на амэрыканскія санкцыі, як і прызнаньне інфармацыйных плятформаў Радыё Свабода экстрэмісцкімі.
- Палітычныя рэпрэсіі — гэта таксама контрасанкцыі.
- Статкевіча наагул невядома за што арыштавалі, ён нават не пасьпеў паўдзельнічаць у выбарчай кампаніі.
- У гэты працэс аб’ядналі розных людзей, некаторыя зь іх, магчыма, не былі знаёмыя паміж сабой.
- Прысуд Ціханоўскаму і іншым фігурантам справы — гэта і спроба напужаць, і спроба прадухіліць новыя пратэсты напярэдадні рэфэрэндуму і падчас яго, і папярэджаньне на гады наперад.
- Гэта і сродак ціску на Захад.
- Цяперашні рэжым апынуўся ў ізаляцыі як унутры краіны, гэтак і на міжнароднай арэне.
- І каб у такой сытуацыі ўтрымацца, рэжыму трэба ўвесь час чыніць масавыя рэпрэсіі.
- Гэта падобна да сытуацыі, у якую трапілі бальшавікі пасьля захопу ўлады ў 1917 годзе.
- Большасьць насельніцтва Расеі і зьнешні сьвет былі супраць іх.
- Каб выжыць, ім трэба было разьвязаць няспынны тэрор.
Што было раней
Сёньня ў СІЗА-3 у Гомлі судзьдзя Мікалай Доля вынес выракі 6 падсудным:
- Журналісту Радыё Свабода Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму,
- Апэратару Арцёму Сакаву — 16 гадоў узмоцненага рэжыму,
- Палітыку Міколу Статкевічу — 14 гадоў асаблівага рэжыму,
- Мадэратару сацыяльных сетак Дзьмітрыю Папову — 16 гадоў узмоцненага рэжыму,
- Блогеру Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў узмоцненага рэжыму,
- Блогеру Ўладзімеру Цыгановічу — 15 гадоў узмоцненага рэжыму.