ByPol: у МУС Беларусі будзе скарачэньне 50% цэнтральнага апарату і адстаўка Кубракова

Іван Кубракоў

Паводле ініцыятывы былых сілавікоў, некамплект супрацоўнікаў МУС агулам у краіне дасягнуў 25%.

Паводле інфармацыі ініцыятывы ByPol, сытуацыя ў Міністэрстве ўнутраных справаў блізкая да драматычнай. Дэфіцыт супрацоўнікаў, нягледзячы на вонкавы спакой, складае ўжо 25%, а ў асобных РАУС да 50%.

«У адным са сваіх расьсьледаваньняў мы згадвалі, што міністар Кубракоў атрымаў загад да 1 студзеня ачысьціць ад „нядобранадзейных“ шэрагі АУС , у тым ліку цэнтральнага апарату міністэрства. Нам дакладна вядома, што гэтыя сьпісы ўжо падрыхтавалі і яны гатовыя да рэалізацыі. У адным толькі цэнтральным апараце пры яго штатнай колькасьці амаль у 1000 чалавек звальненьню падлягаюць больш за 500 супрацоўнікаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледаваньне ByPol: Лукашэнку «падарылі» 31 адзінку эксклюзіўнай тэхнікі на мільёны даляраў

Пасьля апублікаваньня гэтых плянаў ініцыятывай ByPol МУС быццам адклала скарачэньні да рэфэрэндуму аб зьмене Канстытуцыі, які плянуе правесьці Лукашэнка.

«Практычна вырашана пытаньне і аб самім міністру Кубракову, які дапусьціў „фатальную“ памылку, паспрабаваўшы запярэчыць рашэньню звольніць больш як 50% супрацоўнікаў цэнтральнага апарату, якія адступілі ад вернасьці дыктатару . На пасадзе міністра ўнутраных справаў апошняга павінен зьмяніць яго першы намесьнік — Назаранка, той самы, што камандаваў унутранымі войскамі ў пэрыяд беспрэцэдэнтна жорсткага здушэньня мірных пратэстаў 2020 году», — піша ініцыятыва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Матэрыялы праслухоўваньня, верасень 2020. Як прапаноўвалі ціснуць на жанчын і дзяцей

Што такое ініцыятыва ByPol

У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.

Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.

Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).

Iніцыятыва аб’ядноўвае былых беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.

У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім. 8 лістапада 2021 суд вызнаў ByPol і распрацаваны ініцыятывай мабілізацыйны плян «Перамога» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі нутранога канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляваньне пры дапамозе АПК. Пасьля перамоваў бакоў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.

BelPol стаў праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасьцяў і інструмэнтаў» першапачатковай арганізацыі. У сваю чаргу, фонд, які ўзначальвае Аляксандар Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і плян «Перамога».