Мы задавалі гэтыя пытаньні:
- заснавальніку Цэнтру новых ідэяў, аналітыку брытанскага Chatham House Рыгору Астапеню,
- эканамісту, старэйшаму аналітыку кампаніі «Альпары Эўразія» Вадзіму Іосубу,
- палітычнаму аглядальніку Радыё Свабода Валеру Карбалевічу,
- галоўнай рэдактарцы інтэрнэт-выданьня «Наше мнение» Валерыі Касьцюговай,
- палітычнаму аналітыку Аляксандру Класкоўскаму,
- заснавальніку і ўласьніку рэсурсу «Сильные новости» Пятру Кузьняцову,
- блогеру Сяргею Лаўрыненку,
- эканамічнай аглядальніцы, рэдактарцы палітыка-эканамічнага блёку навінаў парталу TUT.BY Вользе Лойцы,
- намесьніку рэдактара газэты «Наша Ніва» Зьмітру Панкаўцу,
- акадэмічнаму дырэктару Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Пятру Рудкоўскаму,
- галоўнаму рэжысэру «Свабоднага тэатру», грамадзкаму дзеячу Мікалаю Халезіну,
- палітычнаму аналітыку Арцёму Шрайбману.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская вернецца ў Беларусь, адбудуцца новыя прэзыдэнцкія выбары. Халезін і Шрайбман пра 2021 год
Правільныя адказы
1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец году?
На 31 сьнежня 2020 году афіцыйны курс даляру паводле НББ складаў 2.57 рубля. На 25 сьнежня 2021 году ён складаў 2.51 рубля за даляр.
Усе экспэрты прагназавалі значна ніжэйшы курс. Аляксандар Класкоўскі прадказваў курс 2.75, Вадзім Іосуб — 2.85. Усе астатнія экспэрты прадказвалі курс 3:1 і ніжэй.
2. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2021 году?
На канец году на пасадзе кіраўніка ўраду заставаўся Раман Галоўчанка.
Такі вынік прадказвалі Вадзім Іосуб, Валер Карбалевіч і Аляксандар Класкоўскі. Іншыя экспэрты называлі імёны Сяргея Румаса, Андрэя Кабякова, Кірыла Рудага, Віктара Бабарыкі і інш.
3. Хто будзе міністрам замежных справаў Беларусі ў сьнежні 2021 году?
Кіраўніком МЗС Беларусі ў 2021 годзе застаўся Уладзімер Макей.
Правільны адказ на гэтае пытаньне дала палова экспэртаў. Іншымі адказамі былі — Ігар Петрышэнка, Павал Латушка, Алена Купчына, Ігар Ляшчэня, Валер Кавалеўскі, Сяргей Алейнік.
4. Ці апынецца на волі ў 2021 годзе Віктар Бабарыка?
6 ліпеня Віктар Бабарыка быў асуджаны да 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Напрыканцы 2021 году ён заставаўся ў зьняволеньні.
Правільны прагноз далі Вадзім Іосуб і Валер Карбалевіч.
5. Ці вернецца Сьвятлана Ціханоўская ў Беларусь?
Сьвятлана Ціханоўская ўвесь 2021 год жыла за мяжой.
Правільны прагноз далі 5 з тузіну экспэртаў.
6. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў?
Па стане на 24 сьнежня 2021 году ў Беларусі паводле ацэнак праваабаронцаў налічвалася 956 палітвязьняў.
Правільны (адносна) прагноз даў Валер Карбалевіч, адзначыўшы, што палітвязьняў будзе некалькі соцень. Астатнія экспэрты называлі яўна ці няяўна меншыя лічбы — ( 0, 50, «менш, чым напрыканцы 2020 году» і г.д.)
7. Ці адбудзецца рэфэрэндум па зьменах у Канстытуцыю?
Абвешчана, што рэфэрэндум па новай Канстытуцыі адбудзецца ў лютым 2022 году. Да 25 сьнежня афіцыйны праект Канстытуцыі апублікаваны ня быў.
Правільны прагноз — што рэфэрэндум аб Канстытуцыі менавіта ў 2021 годзе не адбудзецца — далі 7 экспэртаў.
8. Ці адбудуцца новыя прэзыдэнцкія выбары?
Прэзыдэнцкія выбары ў 2021 годзе не адбыліся.
Правільны прагноз, як і на папярэдняе пытаньне, далі 7 экспэртаў.
9. Ці застанецца Аляксандар Лукашэнка фактычным кіраўніком Беларусі ў сьнежні 2021 году?
У сьнежні 2021 году Аляксандар Лукашэнка застаўся фактычным кіраўніком Беларусі, асобай, якая кантралюе сытуацыю ў краіне.
Правільны прагноз далі 5 экспэртаў.
10. Ці адбудуцца датэрміновыя парлямэнцкія выбары?
Датэрміновыя парлямэнцкія выбары ў 2021 годзе не адбыліся.
Правільны прагноз далі 8 экспэртаў.
11. Ці адбудзецца продаж расейскім інвэстарам значных пакетаў акцыяў буйных беларускіх прадпрыемстваў?
На працягу году продажу расейскім інвэстарам значных пакетаў акцыяў буйных беларускіх прадпрыемстваў не адбылося.
Гэта адпавядала прагнозу перважнай большасьці — трох чвэрцяў — экспэртаў.
12. Ці будзе ў 2021 годзе прынятая праграма паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі?
4 лістапада 2021 году падчас пасяджэньня Вышэйшага савету саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падпісалі пакет з 28 саюзных праграмаў.
Што праграма паглыбленьня інтэграцыі будзе ў 2021 годзе будзе падпісаная прадказвалі Вадзім Іосуб, Сяргей Лаўрыненка і Пётр Рудкоўскі.
13. Ці зьявяцца ў Беларусі расейскія вайсковыя базы?
Расейскія вайсковыя базы на працягу году ў Беларусі не зьявіліся. Вучэбна-баявы цэнтар ВПС і СПА, які зьявіўся ў Горадзенскай вобласьці, юрыдычна вайсковай базай не зьяўляецца.
Правільны прагноз далі 10 экспэртаў.
14. Ці будзе беларуская банкаўская сыстэма адключаная ад міжбанкаўскай сыстэмы SWIFT?
Беларуская банкаўская сыстэма не была адключаная ад міжбанкаўскай сыстэмы SWIFT
Адзінае пытаньне, па якім экспэрты прадэманстравалі поўнае адзінадушша — усе 12 далі правільны адмоўны адказ.
15. Ці ўвядуць заходнія краіны сэктаральныя эканамічныя санкцыі адносна Беларусі?
На працягу году ЗША аднавілі дзеяньне эканамічных санкцыяў адносна пэўных галінаў эканомікі Беларусі. Летам 2021 году, пасьля прымусовага прызямленьня ў Менску самалёта кампаніі Ryanair і затрыманьня апазыцыйнага журналіста Рамана Пратасевіча, Эўразьвяз увёў чацьвёрты пакет санкцыяў адносна Беларусі, які прадугледжваў абмежавальныя меры адносна пэўных галінаў эканомікі Беларусі.
Дакладны прагноз далі толькі чацьвёра экспэртаў — Валерыя Касьцюгова, Аляксандар Класкоўскі, Пётр Кузьняцоў і Мікалай Халезін.
16. Ці адбудзецца чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менску і Рызе?
Рашэньнем Міжнароднай Фэдэрацыі хакею Беларусь была пазбаўленая права праводзіць чэмпіянат у сябе ў 2021 годзе. Чэмпіянат прайшоў у Латвіі.
Амаль усе экспэрты (11 з 12-ці) правільна прадказалі, што Беларусь пазбавяць права праводзіць чэмпіянат.
17. Колькі вайскоўцаў Беларусі і Расеі возьмуць удзел у вучэньнях «Захад-2021»?
Паводле інфармацыі міністэрства абароны Беларусі на тэрыторыі краіны ў вучэньнях узялі ўдзел 12 800 чалавек, у тым ліку 2500 расейскіх вайскоўцаў.
Правільны прагноз далі два экспэрты — Рыгор Астапеня і Валер Карбалевіч.
18. Ці скончыцца ў наступным годзе ў Беларусі эпідэмія COVID-19?
Пандэмія каранавірусу працягвалася ў 2021 годзе ва ўсім сьвеце, у тым ліку і ў Беларусі. Маштабы захворваньня і сьмяротнасьці ад COVID-19 у 2021 годзе пераўзышлі леташнія ў Беларусі і ў сьвеце.
Правільны прагноз далі 4 экспэрты: Рыгор Астапеня, Валерыя Касьцюгова, Сяргей Лаўрыненка і Пётр Рудкоўскі.
Хто даў самыя дакладныя прагнозы
У адказах на 18 пытаньняў найбольш дакладнымі аказаліся Валер Карбалевіч (14 правільных адказаў), Вадзім Іосуб (13), Аляксандар Класкоўскі (11), Пётар Рудкоўскі (10).
Падзеі 2021 году адбыліся на асабістых лёсах экспэртаў, якія год таму давалі свае прагнозы: Валерыя Касьцюгова і Вольга Лойка сталі палітвязьнямі, Валер Карбалевіч, Аляксандар Класкоўскі, Пётр Рудкоўскі і Арцём Шрайбман былі вымушаныя пакінуць Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галоўнае, што я высьветліла: людзі цудоўныя». Палітоляг Валерыя Касьцюгова больш як 5 месяцаў за кратамі