Новы ўрад Нямеччыны, інфармуе ТАСС, не разглядае Аляксандра Лукашэнку ў якасьці легітымнага кіраўніка Беларусі. Пра гэта ў панядзелак на брыфінгу ў Бэрліне заявіў афіцыйны прадстаўнік кабінэту міністраў ФРГ Штэфэн Хэбэштрайт.
«Мы не разглядаем Лукашэнку як легітымнага кіраўніка ў Беларусі», — адзначыў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У зьняволеных беларускіх журналістаў зьявіліся «хросныя» ў БундэстагуРаней новы канцлер ФРГ Оляф Шольц назваў прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку дыктатарам, які нібыта ня мае легітымнай падтрымкі сярод насельніцтва ўласнай краіны. Паводле яго слоў, Лукашэнка паспрабаваў з дапамогай бежанцаў аказаць ціск. Разам з тым, як падкрэсьліў Шольц, прыток мігрантаў празь Беларусь «збольшага спынены», бо «ЭЗ і Нямеччына аказалі вельмі шмат ціску і далі дакладныя ўказаньні авіякампаніям, аэрапортам, паразмаўляўшы з многімі краінамі, адкуль адпраўляліся авіярэйсы ў Беларусь».
- У Беларусі 9 жніўня 2020 году адбыліся прэзыдэнцкія выбары, на якіх, паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, перамогу атрымаў Аляксандар Лукашэнка. Другое месца нібыта заняла прадстаўніца апазыцыі Святлана Ціханоўская, якая не прызнала вынікаў волевыяўленьня і была сілай вывезеная з краіны. Пасьля падвядзеньня вынікаў галасаваньня ў Беларусі пачаліся масавыя акцыі пратэсту, якія ў першыя дні выліліся ў сутыкненьні зь сілавікамі.
- Захад не прызнаў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, назваў празьмерна жорсткімі прынятыя беларускімі ўладамі захады для спыненьня акцый пратэсту. У выніку ЭЗ увёў у дзеяньне пяць пакетаў санкцый у дачыненьні да службовых асоб Беларусі і шэрагу кампаній. Свае санкцыі супраць Беларусі ўвялі таксама ЗША, Канада і Вялікая Брытанія.