Мікалаю Брэдзелеву, кіраўніку ўпраўленьня сувязяў з грамадзкасьцю кампаніі A1, далі вырак — 15 сутак арышту. Пра гэта @nashaniva паведаміла маці Мікалая. За што канкрэтна асуджаны сын, жанчына ня ведае.
10 сьнежня сілавікі затрымалі прэс-сакратара кампаніі мабільнай сувязі А1 Мікалая Брэдзелева. Мяркуючы па фота, якое зьявіліся ў адным з прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў, да яго прыходзілі зь ператрусам.
На «пакаяльным» відэа Брэдзелеў расказвае, што перадаваў блогеру Антону Матольку інфармацыю, «зьвязаную зь яго прафэсійнай дзейнасьцю».
Кампанія А1 належыць аўстрыйскай A1 Telekom Austria Group. Амбасада Аўстрыі ў Менску адрэагавала на інцыдэнт з затрыманьнем Брэдзелева. Там назвалі парушэньнем асабістых правоў абнародаваньне відэа зь ягоным удзелам.
Пратэст на сваёй афіцыйнай старонцы ў Твітэры выказала і сама кампанія.
10 сьнежня таксама затрымалі начальніка аддзелу маркетынгу кампаніі «Hyundai Аўтаград» Сяргея Бабашкова. На відэа сілавікоў мужчына прызнаецца, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.
Ён таксама сказаў, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у мінулым годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі прэс-сакратара кампаніі А1 і начальніка аддзелу маркетынгу «Hyundai Аўтаград»