Лукашэнка прызначыў двух кіраўнікоў аблвыканкамаў і ўзмацніў «вэртыкаль» сілавікамі

Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў ў некаторыя аблвыканкамы, райвыканкамы, а таксама прызначыў намесьнікаў міністраў.

Як інфармуе праўладны Telegram-канал «Пул першага», Анатоль Ісачэнка цяпер будзе кіраваць Магілёўскім абвыканкамам, а Аляксандар Субоцін узначаліў Віцебскі аблвыканкам. Раней Ісачэнка быў намесьнікам старшыні Савету Рэспублікі, а Субоцін віцэ-прэм’ерам. Абодва маюць аграрную адукацыю.

Анатоль Ісачэнка нарадзіўся ў 1966 годзе ў Бранскай вобласьці Расеі. Кар‘еру пачынаў у сельскай гаспадарцы, працаваў на розных пасадах у калгасах і саўгасах Магілёўскай вобласьці.

Пазьней атрымаў крэсла намесьніка старшыні Шклоўскага раёна, працаваў намесьнікам старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаваньні Магілёўскага аблвыканкама.

Потым займаў пасады старшыні Кіраўскага райвыканкама, намесьніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама, старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў.
Перад тым, як пайсьці ў Савет Рэспублікі быў старшынёй Мінскага аблвыканкама.

Аляксандр Субоцін нарадзіўся ў 1976 годзе ў гарадзкім пасёлку Руба Віцебскага раёна. Атрымаў вэтэрынарную адукацыю, скончыў Міжнародны інстытут мэнэджмэнту і дактарантуру па спэцыяльнасьці «Паразіталёгія».
Ва ўладу прыйшоў у 2014 годзе. Пачынаў з пасады намесьніка начальніка галоўнага эканамічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта. У 2015 годзе стаў намесьнікам Міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня – дырэктарам Дэпартамэнта вэтэрынарнага і харчовага нагляду.

З 2017 года па верасень 2018 года займаў пасаду памочніка прэзыдэнта – інспэктара па Віцебскай вобласьці. Потым курыраваў Магілёўшчыну.
4 ліпеня 2020 года назначаны намесьнікам прэм’ер-міністра Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызначыў былога лідэра праўладнай Кампартыі Карпенку старшынём Цэнтравыбаркаму. Што пра яго вядома

Тым часам Лукашэнка працягвае практыку ўводу сілавікоў у структуры вэртыкалі. Так, сябрам Менскага аблавыканкаму і Менгарвыканкаму ухвалены генэрал КДБ Аляксандар Церахаў. У такім жа статусе ў Гомельскі аблвыканкам прызначаны палкоўнік міліцыі Аляксандар Шастайла.

Тыдзень таму начальнік упраўленьня КДБ па Берасьцейскай вобласьці Максім Радзькоў увайшоў у склад мясцовага аблвыканкаму, а начальніка ўпраўленьня КДБ Ігара Паўлюшчанку зрабілі сябрам Магілёўскага аблвыканкаму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: А што, калі і праўда заўтра вайна?