A1 Telekom Austria Group не атрымлівала афіцыйных прэтэнзій ад беларускіх уладаў, але праводзіць карпаратыўную праверку

Лога кампаніі

A1 Telekom Austria Group ня мае інфармацыі пра якое-небудзь расьсьледаваньне альбо прэтэнзіі дзяржаўных органаў Беларусі ў дачыненьні да беларускай «дачкі», кампанія чула пра гэта толькі «зь неафіцыйных каналаў».

Пра гэта ў нядзелю сказаў прадстаўнік A1 Telekom Austria Group в Вене.

Ён падкрэсьліў, што доступ да дадзеных кліентаў строга рэгулюецца і рэгіструецца індывідуальна. Роля Мікалая Брэдзелева ў кампаніі не давала яму ніякага тэхнічнага доступу да канфідэнцыйных дадзеных. Тым ня менш, паводле прадстаўніка кампаніі, распачатая пашыраная карпаратыўная праверка.

Беларускія ўлады, зь якімі ў кіраўніцтва кампаніі ёсьць кантакт, пакуль не змаглі ўказаць тып і маштабы якіх-небудзь уцечак.

Так у канцэрне адрэагавалі на прэтэнзіі да А1 Беларусь, што прагучалі ў эфіры беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня на адрас прэс-сакратара Мікалая Брэдзелева, затрыманага ў Менску. Прапагандысты абвінавачваюць яго ў распаўсюджваньні закрытай інфармацыі аб кліентах мабільнага апэратара. Аднак, ці ідзе мова пра масавы выцек дадзеных абанэнтаў – не ўдакладняецца. На відэа, якое апублікавалі беларускія сілавікі, Брэдзелеў расказвае, што перадаваў інфармацыю Telegram-каналам, прызнаным у Беларусі экстрэмісцкімі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі прэс-сакратара кампаніі А1 і начальніка аддзелу маркетынгу «Hyundai Аўтаград»