Андрэй Кулакоў — віцебскі актывіст, уладальнік і кіроўца «Жывемабіля», які сваёй прысутнасьцю падтрымліваў удзельнікаў мірных маршаў у Віцебску ў 2020 годзе. «Жывемабіль» некалькі разоў арыштоўвалі. Празь перасьлед хлопец вымушаны быў пакінуць Беларусь, піша «Новы час».
Канфіскацыю правялі ў межах выканаўчага дакумэнту з патрабаваньнем спагнаць з Кулакова 1160 рублёў штрафу, прысуджаных яму за «начны пікет» у верасьні 2020 году. Андрэй Кулакоў, які знаходзіцца за межамі краіны, назваў арышт маёмасьці ягоных бацькоў рабаваньнем.
Судовыя выканаўцы забралі ў бацькоў Андрэя Кулакова рэчы, ацэненыя імі на агульную суму 561 рубель, і грошы — 100 рублёў гатоўкай. Акт арышту і канфіскацыі падпісала загадчыца сэктарам аддзелу прымусовага выкананьня Першамайскага раёну Віцебску Сьвятлана Багдановіч.
«Гэта рабаваньне. Таму што ім было добра вядома, што я па тым адрасе не пражываў, што там жывуць мае бацькі і што маёмасьць, якую яны забралі, мне не належыць. Той жа тэлевізар, які канфіскавалі, быў выраблены 15 гадоў таму, калі мне было ўсяго 13. Ясна, што я ня мог тады набыць для сябе гэтую плазму ва ўласнасьць. Мозг уключыць — і зразумела, што гэта не мая маёмасьць, а бацькоў», — кажа Андрэй Кулакоў.
«Судовыя выканаўцы ня мелі ніякага права гэта ўсё канфіскоўваць і наогул уваходзіць у кватэру, таму што на той момант у іх не было яшчэ рашэньня суду», — дадае ён.
Гэта выглядае тым больш дзіўна, што, як сьцьвярджае Кулакоў, ён цягам апошніх месяцаў штодзень спраўна гасіў запазычанасьць па штрафе невялікімі сумамі — па 10, 20, 30 капеек.
6 сьнежня бацькі Кулакова цалкам пагасілі запазычанасьць па штрафе сына. Арышт, накладзены на маёмасьць, быў зняты.
«Гэта нейкі дзяржаўны рэкет: забралі маёмасьць, якая не належыць даўжніку, і вымаганьнем прымусілі людзей аплачваць чужы штраф», — кажа Андрэй Кулакоў.
Неўзабаве Кулакоў мае намер накіраваць у Першамайскі РАУС Віцебску заяву з просьбай правесьці праверку па факце рабаваньня і перавышэньня службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі аддзелу прымусовага выкананьня ды распачаць супраць іх крымінальную справу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 135 дзён арышту і штрафы. Праваабаронцы назвалі суд у Віцебску ўнікальнымУ верасьні 2020 году на Андрэя Кулакова і віцяблянку Марыю Волкаву завялі адміністрацыйную справу за «начны пікет» у вёсцы Лучынаўка Віцебскага раёну. У кастрычніку справу ў дачыненьні Кулакова спынілі, але ў чэрвені 2021-га перагледзелі і аштрафавалі паводле арт. 23.34 КаАП на 40 базавых велічынь. У лістападзе 2020 году яго таксама судзілі за сярэдні палец, паказаны супрацоўнікам МУС (арт. 17.1 КаАП). Празь перасьлед ён пакінуў Беларусь.