Знак, Лаеўскі, Судаленка і Ўласава атрымалі эўрапейскую прэмію «За абарону правоў чалавека»

Зьняволены адвакат Максім Знак, адзін зь ляўрэатаў прэміі Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасьцяў Эўропы

Прэмія «За абарону правоў чалавека – 2021» Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасьцяў Эўропы (ССВЕ) прысуджаная беларускім юрыстам Леаніду Судаленку, Ліліі Ўласавай, Максіму Знаку і Дзьмітрыю Лаеўскаму, а таксама ўсім адвакатам у Афганістане, якія знаходзяцца ў небясьпецы.

Як паведамляе «Вясна», цырымонія ўручэньня прэміі адбудзецца 10 сьнежня падчас пленарнай сэсіі CCBE з удзелам у якасьці асноўнай дакладчыцы аб правах чалавека Вярхоўнага камісара ААН Мішэль Бачэлет празь відэасувязь.

Чатыры беларускія юрысты атрымалі прэмію за тое, што вызначыліся сваёй мужнасьцю, рашучасьцю і адданасьцю абароне асноўных правоў грамадзян і вяршэнства закона ў Беларусі. CCBE хоча аказаць падтрымку ўсім беларускім адвакатам, якія змагаюцца за павагу да вяршэнства закона і асноўных каштоўнасьцяў юрыдычнай прафэсіі, рызыкуючы сваёй свабодай і магчымасьцю займацца юрыдычнай практыкай. Чатыры ляўрэаты Прэміі сталі ахвярамі судовага перасьледу за іх законную дзейнасьць у якасьці юрыстаў і адвакатаў. Усім ім цяпер перашкаджаюць займацца сваёй прафэсіяй: трое зь іх знаходзяцца пад вартай, чацьвёрты быў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Названыя новыя ляўрэаты прэміі за літаратуру з турмы
  • Лілія Ўласава была арыштаваная 31 жніўня 2020 году. 16 кастрычніка Ўласаву вызвалілі з-пад варты і зьмясьцілі пад хатні арышт. 23 кастрычніка хатні арышт быў скасаваны.
  • Максім Знак прадстаўляў інтарэсы многіх кліентаў у палітычных справах і быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі пасьля аднаго году папярэдняга зьняволеньня. Ён па-ранейшаму знаходзіцца пад вартай.
  • Леанід Судаленка прадстаўляў інтарэсы праваабаронцаў і актывістаў і быў арыштаваны 18 студзеня 2021 году праз абвінавачаньне ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і фінансаваньні такой дзейнасьці». Цяпер ён знаходзіцца пад вартай.
  • Дзьмітры Лаеўскі — выбітны юрыст, які гучна расказваў аб сытуацыі зь вяршэнствам закону, незалежнасьцю судовай сыстэмы, юрыдычнай прафэсіяй і правам на абарону ў Беларусі. У судзе ён прадстаўляў інтарэсы некалькіх палітвязьняў. Ахвяра неабгрунтаванага ціску цягам некалькіх гадоў, ён быў афіцыйна пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі 9 ліпеня 2021 году пасьля двух дысцыплінарных разглядаў супраць яго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адна група адвакатаў можа пазбавіцца ліцэнзій на прафэсійную дзейнасьць

Рада адвакацкіх аб’яднаньняў і юрыдычных таварыстваў Эўропы (CCBE) — міжнародная некамэрцыйная асацыяцыя. Аб’ядноўвае калегіі адвакатаў і юрыдычныя супольнасьці краін-сяброў, асацыяваных сяброў і краін-назіральнікаў. ССВЕ выступае пасярэднікам паміж ЭЗ, нацыянальнымі калегіямі адвакатаў і юрыдычнымі супольнасьцямі Эўропы. Акрамя таго, асацыяцыя цесна супрацоўнічае зь юрыдычнымі арганізацыямі за межамі Эўропы.

У розныя гады прэміяй «За абарону правоў чалавека» ўзнагароджваліся Станіслаў Маркелаў (пасьмяротна), юрыст «Вясны» Павал Сапелка ды іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мае праблемы з вачыма, разьбіраецца з падатковай. Праваабаронца Судаленка сустрэўся ў СІЗА з жонкай