Як паведамляе «Голас Амэрыкі» са спасылкай на сайт Пэнтагону, Кірбі расказаў журналістам, што апошняя частка пакету сыстэмаў бясьпекі коштам 60 млн даляраў, прызначанага для Ўзброеных сілаў Украіны, будзе адпраўлена ў Кіеў да канца гэтага тыдня.
Падчас учорашняга брыфінгу ў Пэнтагоне Кірбі расказаў журналістам, што гаворка ідзе пра адпраўку партыі стралковай зброі і боепрыпасаў.
У рамках гэтага пакету дапамогі, аб наданьні якога ўпершыню стала вядома ў жніўні, Украіне ўжо было перададзена іншае ўзбраеньне, у тым ліку ракетная сыстэма «Джавэлін».
Кірбі сказаў, што, як і ў выпадку з усімі пакетамі дапамогі ў галіне бясьпекі, Украіна можа выкарыстоўваць дадзенае ўзбраеньне як палічыць патрэбным, аднак выключна ў мэтах самаабароны і для абароны сувэрэнітэту супраць расейскай агрэсіі.
«Мы чакаем, што „Джавэліны“ будуць выкарыстоўвацца... у мэтах самаабароны, — заявіў Кірбі. — Мы не накладаем ніякіх геаграфічных абмежаваньняў на тое, дзе менавіта яны могуць быць задзейнічаныя ўнутры Ўкраіны. Мы чакаем, што [украінцы] будуць карыстацца імі адказна і ў мэтах самаабароны».
Паводле словаў прадстаўніка Пэнтагону, на дадзены момант міністэрства не абвяшчала пра аказаньне якой-небудзь дадатковай дапамогі Ўкраіне ў сфэры бясьпекі.