Зяленскі: Брытанія вылучыць дадаткова 1 мільярд фунтаў на падтрымку Ўкраіны

Прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, Лёндан, кастрычнік 2020 г.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ўрад Вялікай Брытаніі ўхваліў выдзяленьне дадатковых фінансавых сродкаў для падтрымкі Ўкраіны

«Выдатная навіна зь Лёндану: Вялікая Брытанія вылучыць дадатковы 1 мільярд фунтаў стэрлінгаў на падтрымку Ўкраіны. Гэта новыя інвэстыцыі, гандаль, бясьпека. У выніку маіх перамоваў з прэм’ер-міністрам Борысам Джонсанам агульная падтрымка брытанцаў павялічыцца да 3,5 мільярда фунтаў стэрлінгаў», — напісаў Зяленскі ў Twitter.

7 сьнежня Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прагаласавала за праект абароннага бюджэту ЗША на 2022 фінансавы год, які прадугледжвае 300 мільёнаў даляраў на дапамогу Ўкраіне. Гэтую суму, у прыватнасьці, плянуецца выдаткаваць на падтрымку ўкраінскіх узброеных сілаў.

Раней паведамлялася, што Ўкраіна атрымае зь Вялікай Брытаніі ракетнае ўзбраеньне і ваенныя караблі. Брытанія таксама гатовая даць крэдыт на будаўніцтва караблёў з супрацькарабельнымі ракетамі.