«Я шмат падарожнічаў, нягледзячы на пандэмію, — піша свае ўспаміны Віктар Куўшынаў. — Ад верасьня 2020-га па жнівень 2021-га мне давялося пражыць у 16 розных „пакоях“. У некаторых спыняўся ня больш як на суткі, у іншых жыў тыднямі-месяцамі, а ў адным правёў амаль паўгода.
Асобна ў гэтым шэрагу стаіць пакой, у якім апынуўся год таму. І хоць пасьля, ужо ў іншым горадзе, давялося яшчэ раз „пажыць“ у падобным, першы досьвед заўсёды асаблівы.
Такім чынам, 3 сьнежня 2020-га, прыкладна 17.00. Пакой зь вельмі цікавай кубатурай і інтэр’ерам: шырыня каля аднаго мэтра, даўжыня і вышыня мэтры па чатыры. Бэтонна-каменны пэнал. Яркае белае сьвятло ад лямпы дзённага сьвятла, маленькае акенца з кратамі пад самай стольлю. Ніводзін швэд са сваёй IKEA ня змог бы арганізаваць прастору лепш. На двухступенным пастамэнце — санвузел. Унітаз умураваны ў падлогу, утвараючы роўную паверхню. На мэтровай вышыні над ім — шматфункцыянальны кранік. Гэта і зьліў, і месца мыць рукі і чысьціць зубы, набіраць пітную ваду.
Спальнае месца ў выглядзе драўлянага шчыта, апраўленага мэталам, убудаванае ў сьцяну. На час неспаньня, у складзеным становішчы, фіксуецца навясным замком. Акрамя таго, паўкрэсла ў выглядзе паўкруга і такога ж памеру столік з мэталічнай ромбападобнай акантоўкай, прымацаваныя да сьцяны.
Нішто не абцяжарвае побыт. З асабістых рэчаў — кубак, мыла, ручнік, зубная шчотка з пастай і туалетная папера. Адзеньне — удалага крою чорная куртка і штаны. Пасьцель — на ноч. Больш нічога.
Карцар. Пры ўсіх перавагах, не бяруся рэкамэндаваць такое баўленьне часу. Калі адразу сюды, то можна і „забалдзець“. Лепш паступова апускацца ў беларускі сьвет аптымізаваных свабодаў».
Пасьлявыбарчы перасьлед PandaDoc
Летась 2 верасьня ў менскім офісе PandaDoc прайшлі ператрусы, чатырох супрацоўнікаў затрымалі нібыта за крадзеж зь бюджэту:
- дырэктара Дзьмітрыя Рабцэвіча,
- мэнэджара па прадукце Віктара Куўшынава,
- галоўную бухгальтарку Юлію Шардыку,
- HR-мэнэджара Ўладзіслава Міхалапа.
У выніку 4 мэнэджараў арыштавалі і абвінавацілі па артыкуле 210 КК у выкраданьні сродкаў шляхам злоўжываньня службовым становішчам у асабліва буйным памеры.
11 кастрычніка, неўзабаве пасьля сэнсацыйнага візыту Лукашэнкі ў СІЗА КДБ, быў вызвалены дырэктар менскага прадстаўніцтва PandaDoc Дзьмітры Рабцэвіч, яшчэ праз два дні зьмянілі меру стрыманьня Юліі Шардыцы і Ўладзіславу Міхалапу.
Дырэктара па прадукце Віктара Куўшынава вызвалілі толькі 20 жніўня 2021 году. Пасьля гэтага Генпракуратура спыніла крымінальную справу супрацоўнікаў PandaDoc.
Кіраўнік кампаніі Мікіта Мікада зьвязаў крымінальны перасьлед супрацоўнікаў з праектам дапамогі беларускім сілавікам, якія звольніліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу супраць айцішнікаў PandaDoc спынілі. Яны заплацілі больш за 100 тысяч рублёў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэнэджар PandaDoc Віктар Куўшынаў выйшаў на волю пасьля амаль году за кратамі