Асацыяцыя міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў Польшчы папярэджвае: чэргі на польска-беларускай мяжы могуць яшчэ больш вырасьці з-за таго, што на пункты пропуску ў Беларусі на фуры з таварам пачнуць устанаўліваць навігацыйныя плёмбы.
Пра гэта Zerkalo.io паведаміла прадстаўніца арганізацыі Ганна Бжэзіньска-Рыбіцка.
«Мы лічым, што гэта дрэнная навіна для польскіх перавозчыкаў, якія працуюць у гэтым кірунку. Кампаніі панясуць дадатковыя выдаткі на плёмбы, патрацяць час у чарзе для іх атрыманьня, мытную ачыстку», — сказала супрацоўніца асацыяцыі.
Акрамя таго, што ўрад удвая падняў тарыф на паслугі ўстаноўкі плёмбы і яе адсочваньня — да 10 базавых велічынь (290 рублёў) — таксама польскія перавозчыкі прадракаюць новы транспартны каляпс.
Па іх словах, плёмбы могуць быць недаступныя для вялікай колькасьці перавозчыкаў у момант іх прыбыцьця на пункт пропуску ў Беларусі. Таму час у дарозе можа істотна павялічыцца.
Цяпер на выезьдзе зь Беларусі стаяць звыш 5 тысяч фур, кіроўцы праводзяць у чэргах па 5 сутак ці нават больш. Прыкладна аналягічная сытуацыя назіраецца ў адваротным кірунку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Увесь польскі транспарт, які вязе тавары ў Беларусь, ад сёньня мусіць мець навігацыйныя плёмбыУрад Беларусі прыняў пастанову, згодна зь якой усе тавары, што ўвозяцца аўтатранспартам з Польшчы ў Беларусь, у абавязковым парадку павінны аснашчацца спадарожнікавымі навігацыйнымі плёмбамі. Адпаведны дакумэнт апублікаваны на Нацыянальным прававым партале. Раней плёмбы сталі абавязковымі пры ўезьдзе з тэрыторыі Літвы.
Гэта ня тычыцца грузаў, якія ідуць транзытам празь Літву з Калінінграда ў Расею, а таксама цяжкавагавых і (або) буйнагабарытных транспартных сродкаў, праезд якіх прадугледжвае наяўнасьць адмысловага дазволу.
Пад гэтую пастанову ўлады Беларусі ўдвая паднялі тарыфы на паслугі ўстаноўкі плёмбы — замест 145 рублёў плёмба і яе ўстаноўка цяпер каштуюць 290 рублёў. Іх ставяць мытныя органы або нацыянальны апэратар ТГА «Белнафтагаз» пры ўезьдзе ў Беларусь у пунктах пропуску.
Міністар эканомікі Аляксандар Чарвякоў напярэдадні расказаў, што ўрад плянуе рэалізаваць праекты ў сфэры імпартазамяшчэньня на $9 млрд ва ўмовах заходніх санкцый. Таксама дзяржава ўвяла абмежаваньні на шэраг заходніх тавараў.
Раней эканамісты BEROC ацэньвалі страты ад чатырох абмежавальных пакетаў прыблізна ў 6% ВУП на працягу двух-трох кварталаў пасьля пачатку іх дзеяньня, а ў далейшай пэрспэктыве — аж да 10% ВУП.
- 2 сьнежня ЭЗ увёў у дзеяньне пяты пакет санкцый у дачыненьні да Беларусі, у яго ўключаны 17 фізычных асоб і 11 арганізацый.
- Міністэрства фінансаў ЗША таксама ўвяло абмежаваньні ў адносінах да дзяржаўных даўгавых папер Беларусі, забараніўшы апэрацыі з новымі даўгавымі абавязаньнямі рэспублікі, выпушчанымі пасьля 2 сьнежня, з тэрмінам пагашэньня больш за 90 дзён.
- Акрамя гэтага, з прычыны міграцыйнага крызісу і ціску на грамадзянскія свабоды ў рэспубліцы ў санкцыйныя сьпісы былі ўнесены 20 фізычных і 12 юрыдычных асоб, а таксама тры паветраныя судны.
- Пра далучэньне да дадатковых амэрыканскіх і эўрапейскіх санкцый абвясьцілі таксама ўлады Вялікай Брытаніі і Канады.