Затрымалі праграміста Плашчынскага
У сьпісах затрыманых зьявілася прозьвішча праграміста Дзьмітрыя Плашчынскага. Ён грамадзянін Ізраілю, паведамляе Dev.by.
Дзьмітры — сузаснавальнік і распрацоўшчык WiFi Map, займаецца гэтым праектам з 2012 году.
У «пакаяльным» роліку, які апублікавалі праўладныя каналы, ён кажа, што раней быў падпісаны на каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі, але адпісаўся ад іх; «удзельнічаў у размове з Антонам Матолькам» і нібыта адсылаў фота некаторым тэлеграм-каналам.
Таксама Дзьмітры прызнаецца, што ў яго ва ўласнасьці ёсьць паляўнічая зброя, ён мае дазвол на яе. На момант ператрусу яна знаходзілася ня ў сэйфе.
Блізкія Дзьмітрыя ня маюць ніякай іншай інфармацыі пра яго затрыманьне. Вядома толькі, што сёньня будзе суд.
WiFi Map — краўдсорсінгавая плятформа, якая зьмяшчае больш за 150 млн пароляў для WiFi-пунктаў доступу па ўсім сьвеце. Цяпер у аплікацыі 1 млрд злучэньняў. Яе разьвіцьцём і прасоўваньнем займаецца амэрыканская кампанія WiFi Map LLC. Цэнтар распрацоўкі ў Менску адкрыўся ў 2019 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраільская адвакатка, якую трымаюць у менскім СІЗА за мэдыцынскі канабіс, просіць выратаваць яе з «гэтага пекла»Затрымалі былога палітвязьня Хведарука
8 сьнежня ў Менску затрымалі Зьмітра Хведарука.
Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў сябра яго сям’і Сяргей Мельянец са спасылкай на допіс жонкі Зьмітра — Ганны:
«Па Зьмітра Хведарука прыйшлі сёньня. Хто прыйшоў — вы самі ведаеце. Хрысьціянін, багаслоў, пэдагог, пісьменьнік. Неабыякавы чалавек. Мой сябар. Яго жонка Аня піша: „Да нас прыйшлі, Зьмітра забралі, пры мне ня білі, але вельмі за яго перажываю“».
Зьміцер Хведарук — былы кіраўнік менскай гарадзкой арганізацыі «Малады Фронт». Раней праваабарончая супольнасьць прызнавала яго палітычным вязьнем. Ад палітычнай дзейнасьці даўно адышоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 7 сьнежня: «Сьвета, я вас люблю!». 2 гады хіміі за прызнаньне ў любові да Ціханоўскай2 гады і 3 месяцы калёніі за абразу міліцыянта
У судзе Докшыцкага раёну разгледзелі крымінальную справу ў дачыненьні да Аляксандра Сяліцкага, якога абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых паўнамоцтваў (арт. 369 КК), паведамляе «Вясна».
Сяліцкі ў «Аднаклясьніках» пакінуў абразьлівы камэнтар пад публікацыяй Вольгі Карач пра міліцыянта Бабруйскага РАУС Андрэя Комара: «Участковыя худымі бываюць? Гатовыя за лішні мех камбікорму несьці ўсякую лухту ў судзе, але нічога не бывае вечнага, і мы гэтых ж*палізных бл*дзяў адгонім палкай ад карыта».
Затрыманьне за «фінансаваньне пратэстаў»
Міліцыя затрымала 23-гадовага жыхара Драгічына па справе аб «фінансаваньні пратэстаў». Ведамства сьцьвярджае, што ён аплачваў штрафы, паслугі адвакатаў, дзяржпошліны і рахункі арыштаваных за знаходжаньне ў ІЧУ.
МУС спасылаецца на леташні пост у сацыяльных сетках з заклікам да «збору сродкаў для актывістаў пратэставай дзейнасьці». Дзе канкрэтна быў разьмешчаны пост, не ўдакладняецца.
«Пост утрымліваў рэквізыты банкаўскай карты 23-гадовага непрацуючага жыхара Берасьцейскай вобласьці. На гэты рахунак ад розных фізычных асоб, а таксама з банкаўскіх рахункаў замежных крэдытна-фінансавых арганізацый сталі паступаць грашовыя пераводы», — піша ведамства.
Па вэрсіі сілавікоў, жыхар Драгічына з жніўня 2020 году па студзень 2021 году «неаднаразова рабіў плацяжы» за пратэстоўцаў, прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у акцыях.