Аўстралія не пашле сваіх чыноўнікаў на зімовыя Алімпійскія гульні 2022 годзe ў Пэкін праз парушэньні правоў чалавека ў Кітаі, пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Аўстраліі Скот Морысан, піша Reuters. Ён адзначыў, што краіну ў кітайскай сталіцы прадставяць выключна спартоўцы.
Такое рашэньне прынялі таму, што Аўстралія ня можа адкрыць каналы для абмеркаваньня з афіцыйным Пэкінам парушэньняў правоў чалавека ў Сіньцзяне, а Кітай блякуе імпарт аўстралійскіх тавараў. Канбэра забараніла Huawei Technologies у сваёй шырокапалоснай сетцы 5G у 2018 годзе і заклікала да незалежнага расьсьледаваньня паходжаньня COVID-19. У адказ Пэкін увёў тарыфы на некалькі аўстралійскіх тавараў, уключаючы вугаль, ялавічыну, ячмень і віно.
«Аўстралійскія афіцыйныя асобы не маглі размаўляць са сваімі кітайскімі калегамі на працягу некалькіх месяцаў, і сувязь ажыцьцяўляецца выключна праз дыпляматаў», — сказаў Морысан.
Морысан падкрэсьліў, што любыя далейшыя бар’еры ў гандлі будуць «цалкам непрымальнымі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША заявілі пра дыпляматычны байкот Алімпіяды ў Пэкіне. Кітай прыгразіў контрамераміУ алімпійскім камітэце Аўстраліі заявілі, што дыпляматычны байкот не закране 40 аўстралійскіх спартоўцаў, якія прымуць удзел у зімовай Алімпіядзе.
6 сьнежня прэс-сакратарка Белага дому Джэн Псакі заявіла, што ЗША не адправяць сваіх чыноўнікаў на зімовую Алімпіяду 2022 году праз парушэньні правоў чалавека ў Кітаі. Пры гэтым яна адзначыла, што амэрыканскія спартоўцы змогуць удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях.
У МЗС Кітаю адрэагавалі на пачаты дыпляматычны байкот, заявіўшы, што амэрыканскіх чыноўнікаў ніхто ў Пэкін яшчэ не запрашаў, каб яны адмаўляліся ад гэтага, а самі дзеяньні ЗША зьяўляюцца «абразьлівымі». Выказваньні і намеры амэрыканскага боку там назвалі «палітычнай маніпуляцыяй». У выпадку ж адмовы ЗША зьмяніць свой погляд на пэкінскую Алімпіяду, Кітай паабяцаў «контразахады».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай тэстуе на ўйгурах абсталяваньне, якое можа на адлегласьці распазнаваць настройМіжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заявіў пра тое, што будзе трымацца нэўтралітэту ў гэтай сытуацыі, паколькі рашэньне не адпраўляць дыпляматычную дэлегацыю ў Пэкін — гэта палітычнае рашэньне ўладаў канкрэтнай дзяржавы, якое МАК паважае, але ніяк не камэнтуе, не асуджаючы і не ўхваляючы яго.
Алімпіяда пройдзе ў Пэкіне з 4 па 20 лютага 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі санкцыі супраць 11 кітайскіх кампаній за парушэньні правоў уйгураў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кандыдат спорту ў кіданьні гранаты. Гісторыя кар’еры міністра Кавальчука, які праваліў Алімпіяду ў Токіё