Урад Беларусі адказаў на заходнія санкцыі: сьвіньні ня ўедуць ні жывыя, ні мёртвыя. Рэакцыя сацсетак

Ілюстрацыйнае фота

Старшыня Савету міністраў Беларусі Раман Галоўчанка падпісаў пастанову ўраду, якая забараняе ўвоз на тэрыторыю краіны групы тавараў — каб «забясьпечыць абарону нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь».

Аглядальнікі ацэньваюць пастанову як адказ на ўвядзеньне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.

У пастанове вызначаны пералік тавараў, якія паходзяць з Эўрапейскага Зьвязу і яго дзяржаў-сябраў, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Канады, Каралеўства Нарвэгія, Рэспублікі Альбанія, Рэспублікі Ісьляндыя, Рэспублікі Паўночная Македонія, Злучанага Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі, Чарнагорыі, Швайцарскай Канфэдэрацыі.

У пералік забароненых тавараў уваходзяць:

  • жывыя сьвіньні,
  • мяса буйной рагатай жывёлы, сьвежае альбо ахалоджанае,
  • мяса буйной рагатай жывёлы замарожанае,
  • субпрадукты буйной рагатай жывёлы і іншых жывёлаў (у тым ліку сьвіней, авечак, козаў, аслоў),
  • мяса і харчовыя субпрадукты хатняй птушкі,
  • мяса салёнае, у расоле, сушанае і вэнджанае, харчовая мука зь мяса і мясных субпрадуктаў,
  • малако і малочная прадукцыя, за выключэньнем безьляктознай прадукцыі,
  • гародніна, за выключэньнем той, што выкарыстоўваецца для пасеву,
  • садавіна і арэхі,
  • тлушч сьвіней, птушкі, авечак і козаў, лярд-стэарын і іншыя жывёльныя маслы,
  • каўбасы і аналягічныя прадукты,
  • кандытарскія вырабы (акрамя какава-парашку),
  • соль.

Выключэньне зроблена для дзіцячага харчаваньня і дыетычнага харчаваньня (для малочнай прадукцыі)

Пастанова ўраду ўступае ў сілу 1 студзеня 2022 году.

Вышэйпералічаныя тавары дазваляецца ўвозіць на тэрыторыю Беларусі прыватным асобам для асабістага спажываньня, а таксама вытворцам у мэтах перапрацоўкі.

  • 2 сьнежня Эўразьвяз увёў у дзеяньне пяты пакет санкцый у дачыненьні да Беларусі, у яго ўключаны 17 фізычных асоб і 11 арганізацый. У адказ кіраўніцтва краіны заявіла, што падрыхтуе «асымэтрычныя» крокі. Празь некалькі дзён пасьля таго новыя абмежаваньні ўвялі ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ пачне працу над шостым пакетам санкцый супраць афіцыйнага Менску. Пяты ўхвалілі сёньня
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і Вялікая Брытанія пашырылі санкцыі адносна Беларусі

Сацсеткі імгненна адрэагавалі на пастанову ўраду:

  • «Запасайцеся хамонам!» («Мерзкий кокобой»)
  • «Як бачыце, рыбы там няма. Пэўна, пастараліся шырока вядомыя ў вузкіх колах бізнэсы». («Эканоміка па-беларуску»).
  • «Ня будзе вашых польскіх яблык з 1 студзеня!» («Gypsуnkov»).
  • «У адказ на пяты пакет санкцыяў Беларусь з 1 студзеня ўвядзе 9,3 млн пустых пакетаў». (Міша Ільлін)
  • «Навіна дня: З 1 студзеня 2022 году беларускія крэвэткі будуць есьці ня толькі расіяне, але і самі беларусы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гаворка можа ісьці пра мільярды даляраў. Экспэрт пра магчымыя страты беларускай эканомікі ад санкцыяў