Беларусь ва ўмовах заходніх санкцый плянуе рэалізаваць праекты ў сфэры імпартазамяшчэньня на $9 млрд. Пра гэта паведаміў журналістам у аўторак міністар эканомікі краіны Аляксандар Чарвякоў, інфармуе ТАСС.
«На сёньняшні дзень ужо прапанавана каля 170 імпартазамяшчальных праектаў на агульную суму каля 13 млрд рублёў (каля $5,1 млрд) інвэстыцый. З гэтага пулу праектаў мы выбралі найбольш значных 47 з аб’ёмам інвэстыцый каля 8 млрд рублёў (каля $3,1 млрд). Гэтыя 47 праектаў дазволяць нам стварыць прадукцыі больш як на $9 млрд імпартазамяшчэньня», — заявіў кіраўнік Мінэканомікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шрайбман: Санкцыі ня ставяць рэжым на калені, яны дэстабілізуюць Лукашэнку і правакуюць на неадэкватныя адказыПаводле слоў Аляксандра Чарвякова, краіна ў 2021 годзе сутыкнулася «зь беспрэцэдэнтнымі выклікамі» — гэта пандэмія і санкцыі, якія ўведзены адносна Беларусі. «У гэтых умовах, калі нам забараняюць свабодна гандляваць на рынках, прымусова разьдзіраюць сувязі, мы павінны шукаць тыя меры, якія дазваляюць нівэляваць выдаткі», — сказаў Чарвякоў.
Асаблівую значнасьць, паводле слоў Чарвякова, набывае ў гэтых абставінах «імпартазамяшчэньне як інструмэнт процідзеяньня санкцыям».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі расказаў, як рэжым спадзяецца кампэнсаваць страты ад санкцыйМіністар адзначыў, што на сёньняшнім пасяджэньні прэзыдыюму Саўміну будуць разгледжаны тыя прапановы, якія дадуць магчымасьць больш актыўна разьвіваць імпартазамяшчэньне і «стымуляваць прадпрыемствы» да гэтага. Сярод найбольш значных напрамкаў Чарвякоў назваў «павелічэньне лякалізацыі, разьвіцьцё тэхналягічных ланцужкоў, перапрацоўку мясцовай сыравіны, прыцягненьне малога і сярэдняга бізнэсу».
Тым часам старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Леў Львоўскі лічыць, што ўведзеныя нядаўна новыя санкцыі ЭЗ, ЗША, Вялікай Брытаніі і Канады супроць беларускага рэжыму істотна ўдараць па беларускай эканоміцы ў пэрыяд свайго паўнавартаснага дзеяньня.
Ацаніць патэнцыйныя страты беларускай эканомікі пакуль досыць складана, бо не хапае інфармацыі пра дакладныя тэрміны старту некаторых абмежаваньняў, адзначае Леў Львоўскі.
Раней эканамісты BEROC ацэньвалі страты ад чатырох абмежавальных пакетаў ЕЗЭ прыблізна ў 6% ВУП на працягу двух-трох кварталаў пасьля пачатку іх дзеяньня, а ў далейшай пэрспэктыве — аж да 10% ВУП.
- 2 сьнежня ЭЗ увёў у дзеяньне пяты пакет санкцый у дачыненьні да Беларусі, у яго ўключаны 17 фізычных асоб і 11 арганізацый.
- Міністэрства фінансаў ЗША таксама ўвяло абмежаваньні ў адносінах да дзяржаўных даўгавых папер Беларусі, забараніўшы апэрацыі з новымі даўгавымі абавязаньнямі рэспублікі, выпушчанымі пасьля 2 сьнежня, з тэрмінам пагашэньня больш за 90 дзён.
- Акрамя гэтага, з прычыны міграцыйнага крызісу і ўшчамленьня грамадзянскіх свабод у рэспубліцы ў санкцыйныя сьпісы былі ўнесены 20 фізычных і 12 юрыдычных асоб, а таксама тры паветраныя судны.
- Пра далучэньне да дадатковых амэрыканскіх і эўрапейскіх санкцый абвясьцілі таксама ўлады Вялікай Брытаніі і Канады.
Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.
У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.
24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:
- У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
- У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
- У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
- У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
- У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
- У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
- Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.
Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў
Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.
Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.
Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.
Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».
Што варта ведаць пра санкцыі ЗША
Як разьвіваліся адносіны Беларусі і ЗША. Галоўнае
- ЗША прызналі Беларусь у 1992 годзе.
- У 1994 годзе ЗША, разам зь Вялікай Брытаніяй і Расеяй, падпісалі Будапэшцкі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі для Беларусі ў абмен на перадачу Беларусьсю ядзерных узбраеньняў Расеі.
- Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан быў зь візытам у Беларусі ў 1994 годзе, падчас візыту ён наведваў Курапаты.
- Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ніводнага разу ня быў з афіцыйным візытам у ЗША.
- Таваразварот гандлю паміж Беларусьсю і ЗША ў 2018 годзе склаў 711 мільёнаў даляраў.
- Аляксандар Лукашэнка неаднойчы казаў, што без ЗША канфлікт ва Ўкраіне ня можа быць вырашаны.
- У 2016 годзе кіраўнік Беларусі заяўляў, што прэзыдэнцкія выбары ў ЗША выйграе Дональд Трамп.
- У 2010-я гады Беларусь была адным са шляхоў невайсковага транзыту грузаў для амэрыканскай вайсковай групоўкі ў Аўганістане.
- У ЗША ў 2004 годзе быў прыняты закон «Акт аб дэмакратыі для Беларусі», які абмяжоўвае гандаль паміж дзьвюма краінамі і забараняе ўраду ЗША галасаваць у міжнародных фінансавых арганізацыях за выдзяленьне Беларусі крэдытаў.
- З 2006 году адносна беларускіх чыноўнікаў дзейнічаюць амэрыканскія візавыя санкцыі.
- У 2007 годзе ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі адносна прадпрыемстваў беларускага канцэрну «Белнафтахім».
- У 2008 годзе Менск запатрабаваў ад‘езду з краіны пасла ЗША Карэн Ст’юарт.
- Адначасова штат амбасады быў скарочаны з 35 супрацоўнікаў да пяці.
З таго часу і дагэтуль ЗША ў Беларусі і Беларусь у ЗША прадстаўленыя на ўзроўні часовых павераных.
11 год без амбасадараў. Як мяняліся дыпляматычныя стасункі паміж ЗША і Беларусьсю
- У 2015 годзе ЗША віталі вызваленьне палітвязьняў у Беларусі і высілкі Менску па спрыяньні ўрэгуляваньню канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
- У 2015 годзе ўлады ЗША прыпынілі дзеяньне эканамічных санкцый адносна Беларусі. У далейшым дзеяньне санкцый прыпынялася кожныя паўгода.
- У 2019 годзе Менск і Вашынгтон дамовіліся аднавіць паўнавартасныя дыпляматычныя адносіны.