Boeing 747-400 авіякампаніі Iraqi Airways ужо вылецеў з аэрапорта ў Багдадзе і знаходзіцца на шляху ў Менск. Прылёт у Нацыянальны аэрапорт чакаецца ў 12.45, інфармуе Нацыянальны аэрапорт у афіцыйным тг-канале.
Вылет зь Менску ў Арбіль заплянаваны на 13.45. У аэрапорце цяпер знаходзяцца каля 700 чалавек.
На рэйс Менск-Эрбіль зарэгістраваліся 417 пасажыраў (415 дарослых + 2 дзіцяці да двух гадоў).
8 сьнежня адбудзецца эвакуацыйны рэйс у Сырыю. Авіякампанія Cham Wings на самалёце Airbus A-320 даставіць пасажыраў у сталіцу краіны Дамаск. Вылет заплянаваны ўначы, у 3.30.
Папярэдні вывазны рэйс адбыўся 4 сьнежня. Агулам з 18 лістапада Беларусь пакінулі ўжо больш за 2700 мігрантаў, якія на падставе беларускіх турыстычных візаў прыбылі ў краіну і потым намагаліся трапіць у Заходнюю Эўропу. Многія пры гэтым паводзілі сябе агрэсіўна, закідвалі польскіх памежнікаў камянямі і ламалі абсталяваньне на мяжы.
Паводле афіцыйнай Варшавы, усё гэта адбываецца пад кантролем беларускіх сілавікоў, якія дапамагаюць мігрантам парушаць законы; а плян мігранцкага крызісу быў распрацаваны ў Маскве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі суд у правах чалавека забараніў высылаць мігрантаў у Беларусь, калі яны ўжо трапілі ў Польшчу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША назваў сытуацыю ва Ўкраіне, міграцыйны крызіс і «Паўночны паток — 2» узаемазьвязанымі