7 сьнежня яе пакаралі 5 суткамі арышту за сьвечку ў вакне. Затрымалі жанчыну ўвечары 6 сьнежня.
«Наташу ўзялі за сьвечку ў акне ў памяць аб Раману Бандарэнку. Цяпер яна ў турме на Акрэсьціна, — расказаў „Нашай Ніве“ кампазытар Віктар Капыцька, муж Натальлі. — Яны прыяжджалі на працу — Натальля працуе ў Акадэміі навук, старшы навуковы супрацоўнік, музыка, кандыдат мастацтвазнаўства. Але там яе не засьпелі.
Выклікалі ў міліцыю, мы прыйшлі ўдваіх, паўгадзіны тлумачэньняў (я ў калідоры) — і арышт. Яны фоткалі ўсе вокны са сьвечкамі тады. Езьдзілі і фоткалі. Так і патлумачылі».
Суд прайшоў 7 сьнежня па скайпе, як кажа Віктар Капыцька. Натальлі прысудзілі 5 сутак арышту.
Чаму затрымалі і судзілі менавіта Натальлю, да канца не зразумела.
«Так, менавіта гэта я ўчора і заявіў і спытаў у міліцыі, калі ўжо яны паведамілі пра затрыманьне. Я ўласьнік кватэры. Але іх гэта не цікавіла. Ім яна патрэбная была. А мяне пасьля гэтага пытаньня адразу папрасілі пайсьці адтуль», — кажа Віктар Капыцька.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Героі і ахвяры «плошчы Перамен»Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
- 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
- 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
- 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».