Дасьледчыкі са Школы стаматалягічнай мэдыцыны выявілі, што камедзь з расьлінным бялком служыць «пасткай» для вірусу SARS-CoV-2.
Жуйка, напоўненая бялком ACE2, выклікала зьмяншэньне колькасьці вірусу ў пробах, узятых у пацыентаў з COVID-19. Жаваньне гумкі ўплывала на вірус, які назапашваецца ў сьліне чалавека, патэнцыйна зьмяншаючы яго перадачу.
«SARS-CoV-2 размнажаецца ў сьлінных залозах, і мы ведаем, што калі заражаны чалавек чхае, кашляе або размаўляе, частка вірусу можа трапіць ад аднаго чалавека да іншага. Гэтая жуйка дапамагае нэўтралізаваць вірус у сьліне, што дае нам просты спосаб зьменшыць крыніцу перадачы хваробы», — сказаў аўтар досьледу Генры Дэніэл.
Калі клінічныя досьледы пацьвердзяць, што жуйка бясьпечная і эфэктыўная, яе можна будзе даваць пацыентам, чый інфэкцыйны статус невядомы. А таксама выкарыстоўваць падчас стаматалягічнага агляду, калі маску трэба зьняць.
«Мы ўжо выкарыстоўваем маскі і іншыя фізычныя бар’еры, каб зьнізіць верагоднасьць перадачы. Гэтая жуйка можа быць дадатковым інструмэнтам», — кажа Дэніэл.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Омікрон». 8 гарачых пытаньняў і адказаў