Пісьменьнік Прыма Леві казаў, «кожная эпоха мае свой фашызм». Амэрыканскі філёзаф і прафэсар Ельскага ўнівэрсытэту Джэйсан Стэнлі ў кнізе «Як дзейнічае фашызм» апісаў мэханізмы ўзьнікненьня і папулярызацыі фашысцкай ідэалёгіі ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе.
Пасьля пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі ўлада і яе апанэнты абменьваліся ўзаемнымі абвінавачаньнямі ў фашызьме. На падставе тэзісаў з кнігі амэрыканскага дасьледчыка прапануем самім пераканацца, ці маюць нешта падобнае з сучасным фашызмам паводзіны абодвух бакоў супрацьстаяньня ў Беларусі.
«Мы» супраць «Яны»
На пачатку кнігі аўтар зазначае, што фашысцкая палітыка неабавязкова павінна адназначна ператвараць дзяржаву ў фашысцкую. Мэтады фашысцкай палітыкі могуць выкарыстоўвацца нават у краінах з доўгім досьведам дэмакратыі. Але ў любым выпадку такая палітыка небясьпечная. Гэтая небясьпека вынікае, сярод іншага, і з імкненьня фашысцкай палітыкі дэгуманізаваць частку насельніцтва. Выключэньне некаторых групаў з грамадзтва прыгнятае эмпатыю рэшты і вядзе да апраўданьня антыгуманнага стаўленьня — абмежаваньня свабоды, масавых рэпрэсіяў, выгнаньня, а ў скрайніх выпадках прыводзіць да генацыду.
Адным з самых распазнавальных знакаў фашысцкай палітыкі зьяўляецца падзел. Яна імкнецца да падзелу грамадзтва на «нас» і «іх». «Яны» — лянівыя, разбэшчаныя, скарумпаваныя і маральна нікчэмныя. «Мы» — працалюбівыя, шануем законы, атрымалі свае свабоды дзякуючы нашай працы.
«Мы» цяжка працуем, таму маем права быць вышэй. «Яны» лянівыя, жывуць дзякуючы нашай працы і шчодрай сацыяльнай палітыцы дзяржавы. «Мы» ствараем, а «яны» толькі бяруць.
Фашысцкая палітыка выкарыстоўвае розныя інструмэнты. Стэнлі вылучае наступныя:
- Мітычная мінуўшчына
- Прапаганда
- Антыінтэлектуалізм
- Адарванасьць ад рэальнасьці
- Герархія
- Мэнтальнасьць ахвяры
- Вяршэнства закону
- Неспакой, зьвязаны з сэксуальнасьцю
- Культ працы
1. Мітычная мінуўшчына
- Фашысцкая палітыка часта спасылаецца на мітычную мінуўшчыну, якая нібыта была трагічна страчана. Паводле фашысцкай рыторыкі, у гэтым вінаватыя глябалісты, лібэралы, касмапаліты і «павага да правоў чалавека». Усё зводзіцца да таго, каб замяніць факты ўладай.
- Фашысты адмаўляюцца ад існых гістарычных наратываў і ствараюць мітычную мінуўшчыну, якая мае на мэце падтрымаць іх візію сучаснасьці. А тая, у сваю чаргу, мадыфікуе правільнае ўспрыняцьце народам рэальнасьці. У выніку гэта стварае стан нерэальнасьці, у якім кансьпіралягічныя тэорыі і фэйкі замяняюць рацыянальную дыскусію. Парушаючы ўспрыняцьце рэальнасьці, фашысцкая палітыка стварае карысны грунт для небясьпечных і хлусьлівых меркаваньняў.
2. Прапаганда
- Цяжка рэалізаваць палітыку, якая адкрыта прычыняе боль і крыўды вялікай групе людзей. Таму роля прапаганды ў тым, каб схаваць праблемныя мэты палітыка і замаскаваць іх ідэямі, якія зьяўляюцца прымальнымі для грамадзтва.
- Небясьпечная барацьба за ўладу, якая дэстабілізуе грамадзтва, прадстаўляецца як імкненьне да стабілізацыі і свабоды.
- Вельмі часта цэнтральнай часткай праграмы фашысцкіх груповак зьяўляецца барацьба з карупцыяй. Пры гэтым самі яны цалкам замяшаныя ў карупцыйныя злачынствы. У Трэцім Райху карупцыя была фактычна цэнтральным прынцыпам, але вялікая колькасьць насельніцтва ня толькі яе не заўважала, а наадварот, лічыла палітыкаў новага рэжыму за людзей найчысьцейшай маральнасьці. І сёньня фашысцкія палітыкі ведаюць, што іх прыхільнікі заплюшчаць вочы на іхную карупцыю, паколькі «яны абраныя, ім можна».
- Фашызм ставіць ірацыянальнасьць вышэй за рацыянальнасьць, а фанатычныя эмоцыі вышэй за інтэлект.
3. Антыінтэлектуалізм
- Фашысцкая ідэалёгія паводле свайго прынцыпу варожа ставіцца да экспэртнай думкі, навукі і праўды. Джэйсан Стэнлі зьвяртае ўвагу, што менавіта палітыкам, блізкім да фашызму, на пачатку пандэміі была ўласьцівая думка, што COVID-19 — гэта ня больш як выдумка, таму ён не нясе пагрозы.
- Мэта фашысцкіх палітыкаў — каб публічная дыскусія стала мізэрнай, яны дэвальвуюць адукацыю, прафэсійныя веды і мову. Калі іх значэньне зьменшанае, то застаюцца выключна ўлада і племянная прыналежнасьць.
- У фашысцкай ідэалёгіі дапушчальны толькі адзін пункт гледжаньня — яго прадстаўляе група «мы».
- Фашысцкія палітыкі ствараюць прастору для аналізу мітаў у катэгорыі фактаў. Адукацыя ў ёй падпарадкаваная мэце — ганарыцца гераічнай мінуўшчыны.
- Прынцыповая догма фашысцкай палітыкі абапіраецца на правіла, што мэтай прамоваў не павінна быць перакананьне інтэлекту, а ўплыў на волю.
4. Герархія
- Для фашыста прынцып роўнасьці пярэчыць натуральнаму праву, якое разьмяшчае мацнейшыя традыцыі вышэй над іншымі.
- У фашысцкім грамадзтве лідэр народу выконвае ролю бацькі ў традыцыйнай сям’і. У яго абсалютная ўлада над жонкай і дзецьмі. Улада патрыярхальнага бацькі вынікае зь ягонай сілы — ключавой каштоўнасьці для аўтарытарызму. Фашысцкая палітыка вельмі часта выкарыстоўвае настальгію для падтрымкі герархічнага і аўтарытарнага грамадзтва.
- Для сучаснага фашызму, як піша Стэнлі, характэрна аб’яднаньне дзяржаўных інстытутаў (і ня толькі) на падставе ляяльнасьці як да этнічнай ідэнтычнасьці, так і да аднаго правадыра. Калі такое адбываецца, то дэмакратыя апынаецца пад пагрозай, бо гэтыя інстытуты ня ў стане выконваць сваю місію.
- Мэтай фашызму зьяўляецца стварэньне ілюзіі натуральнага характару розьніц, якія падзяляюць групы, — навуковай падставы для герархіі чалавечай вартасьці. Калі гэтыя падзелы стануць трывалымі, замест паразуменьня паміж групамі ўзьнікае страх.
- Паводле фашыстаў, лібэралы, якія прапагандуюць роўнасьць і свабоду, інфікуюць сваімі ідэямі чальцоў дамінантнай групы, што прыводзіць апошніх да добраахвотнага аддаваньня ўлады.
- У выпадку роўнасьці жанчын прыняцьце лібэральных ідэй азначае зьнішчэньне патрыярхальнага грамадзтва.
5. Закон і парадак
- Здаровая дэмакратычная дзяржава ўспрымае ўсіх грамадзянаў аднолькава. Фашысцкая рыторыка «закону і парадку» мае на мэце падзел грамадзянаў на дзьве клясы: законапаслухмяных, якія адносяцца да лепшай часткі грамадзтва, і незаконаслухмяных, горшых. Тыя, хто ня ўпісваецца нормы ўлады, парушае закон і парадак.
- Палітыка вяршэнства закону прыцягвае масы, разьмяшчаючы «нас» у пазыцыі добрых грамадзян, а «іх» у супрацьлеглай — у ролі анархісцкіх злачынцаў, паводзіны якіх ствараюць сьмяротную пагрозу для народу. Чым больш павялічваецца страх, тым часьцей «мы» асацыюецца з усім, што добрае. «Мы» жывём у ідыліі, у якой чыстыя каштоўнасьці выстаялі, нягледзячы на касмапалітаў і лібэралаў.
- Палітыкі, якія называюць цэлыя групы «злачынцамі», прыпісваюць ім сталыя рысы характару, якія палохаюць рэшту грамадзтва і робяць зь іх абаронцаў. Такая рыторыка аслабляе дэмакратыю і працэс мудрага прыняцьця рашэньняў, замяняючы іх страхам.
6. Сэксуальны непакой
- Паколькі ў аснове фашысцкай палітыкі знаходзіцца патрыярхальная сям’я, то любое адступленьне ад яе будзе суправаджацца панікай. Асабліва гэта датычыць ацэнкі гомасэксуальнасьці, бо для фашыстаў яна азначае пагрозу для традыцыйных мужчынскіх роляў.
- Фашысты спараджаюць непакой, што ў выніку пагрозаў для сям’і тыя, хто адмаўляе сям’ю як каштоўнасьць, пачнуць гвалціць іншых. Таму фашысты прадстаўляюць свабоду і роўнасьць як пагрозу.
- Калі дэмагог зьяўляецца бацькам народу, кожны выступ супраць патрыярхальнай мужчынскай часткі і традыцыйнай сям’і будзе ўспрымацца як удар у фашысцкую візію сілы.
- Фашысцкая ідэалёгія адкідае плюралізм і талерантнасьць. У фашысцкай палітыцы ўсе павінны мець адну рэлігію, стыль жыцьця і звычаі.
7. Адарванасьць ад рэальнасьці
- Калі дзякуючы прапагандзе фашысцкім палітыкам удаецца сказіць дэмакратычную ідэю, пад сумнеў трапляе сама рэальнасьць. Зьнікае кансэнсус у пытаньні праўды.
- Фашысцкая палітыка замяняе рацыянальную дыскусію страхам і нянавісьцю.
- Замест рэальнасьці фашысцкая палітыка прапануе абяцаньні і заявы правадыра або яго партыі. Рэгулярная хлусьня становіцца важнай часткай працэсу, у якім фашысцкая палітыка зьнішчае інфармацыйную прастору.
- Фашысцкі лідэр можа замяніць праўду ўладай, а потым хлусіць без аніякіх наступстваў. У выніку замены сьвету асобай, фашысцкая палітыка робіць немагчымай рацыянальную праверку аргумэнтаў.
- Вельмі часта кансьпіралягічныя тэорыі ў фашысцкіх рэжымах выглядаюць настолькі фантастычна, што цяжка ўявіць, каб хтосьці ў такое паверыў. Іх задача — узьнікненьне сумневаў наконт верагоднасьці і сумленнасьці групы, супраць каторай гэтыя тэорыі выкарыстоўваюцца.
- Фашысцкая палітыка намагаецца зьнішчыць узаемную павагу паміж грамадзянамі, якая зьяўляецца асновай здаровай лібэральнай дэмакратыі. У фашызьме магчымы давер толькі да адной адзінкі — правадыра.
8. Роля ахвяры
- Выкарыстаньне пачуцьця дамінантнай групы, што, калі яна падзеліцца ўладай з грамадзтвам і меншасьцямі, «мы» стануць ахвярамі, — усеагульны элемэнт сучасных фашысцкіх поглядаў ва ўсім сьвеце.
- Фашысцкая прапаганда разносіцца пакутлівымі тырадамі над пачуцьцём трывогі, якое суправаджае страту дамінантнай пазыцыі. Гэтае пачуцьцё страты маніпулюецца фашысцкай палітыкай такім чынам, каб узмацніць ролю ахвяры і выкарыстаць яе для апраўданьня мінулых, цяперашніх і новых формаў рэпрэсій.
- Фашыстам уласьцівае пачуцьцё параноі адносна «пятай калёны» і «лібэралаў», якія выкарыстоўваюць рыторыку правоў чалавека. У сваіх публікацыях яны ня толькі ставяць пад сумнеў каштоўнасьці сваіх апанэнтаў, але і прапануюць, каб іх апанэнты былі кантраляваныя і караліся.
9. Arbeit macht frei (Праца робіць свабодным)
- У фашысцкай ідэалёгіі пануе культ цяжкой працы. Апанэнты ўлады — абібокі і дармаеды.
- Фашысты часта гавораць пра вёску, паколькі там, на іх думку, людзі жывуць цяжкой працай, у параўнаньні з горадам, які жыруе на працы іншых. Прычына яшчэ і ў тым, што гараджане рэдка падтрымліваюць пастуляты фашыстаў.
- У фашысцкай палітыцы апанэнтаў можна вылечыць ад гультайства і злачыннасьці цяжкой працай.
Эпілёг ад аўтара
«Нехта можа абвінаваціць мяне ў перабольшваньні пагрозаў, што сучасныя прыклады не такія радыкальныя, каб параўноўваць іх з гістарычнымі злачынствамі. Але рызыка папулярызацыі фашысцкага міту рэальная, бо ў народаў ёсьць схільнасьць нармалізаваць тое, што калісьці было непрымальным. Нармалізацыя вядзе да таго, што нешта ненармальнае і незвычайнае становіцца чымсьці звыклым і прымушае нас пагаджацца на рэчы, на якія раней мы б не пагадзіліся. Слова „фашыст“ стварае ўражаньне перабольшваньня, як крык „Воўк!“. Нармалізацыя фашысцкай ідэалёгіі азначае, што скрайняя ідэалёгія перастае ўспрымацца як небясьпечная, паколькі здаецца абсалютна звычайнай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі сьвет падзяліўся канчаткова і назаўсёды». Пісьменьнікі пра беларускую рэвалюцыю