Судзьдзя Пятро Арлоў на патрабаваньне пракурора вырашыў праводзіць судовыя паседжаньні ў справе Эдуарда Пальчыса у закрытым рэжыме. Такое рашэньне было прынятае «з мэтай недапушчэньня распаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў», паведамляе «Медиазона».
На самым пачатку паседжаньня палітвязень адмовіўся ўставаць, сказаўшы, што ня лічыць гэта судом і заявіў яму адвод.
Эдуарда Пальчыса абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў:
- арт. 130 (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне іншай сацыяльнай варожасьці і варожасьці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасьці, учыненыя групай асобаў, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў);
- арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
- арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак);
- арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь).
Максымальнае пакараньне па гэтых артыкулах — да 12 гадоў зьняволеньня.
Сьведкам на судзе будзе Раман Пратасевіч, праўда, калі ён выступіць, невядома, паведамляе @nashaniva.
Эдуарда Пальчыса затрымалі ў канцы верасьня 2020-га — яму прысудзілі 30 дзён арышту паводле арт. 23.34 КаАП. Але з «сутак» ён так і ня выйшаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прагнозы несуцяшальныя, на малы тэрмін ня варта разьлічваць». Вікторыя Пальчыс рыхтуецца да суду над мужам ЭдуардамУ чым сьледчыя знайшлі віну блогера
«Асноўнай зброяй Пальчыса зьяўляліся створаныя і кіраваныя ім інтэрнэт-рэсурсы, у тым ліку Telegram-канал і старонкі ў сацыяльных сетках, якія захапілі большую частку аўдыторыі краіны, іхны давер і выкарыстоўваліся для кіраваньня сьвядомасьцю натоўпу, схіленьня да заплянаваных злачынных дзеяньняў.
Зьмешчаная яшчэ з 2016 году ў рэсурсах інфармацыя сваім зьместам была наўмысна накіраваная Пальчысам на распальваньне сацыяльнай варожасьці і варожасьці па прыкмеце прафэсійнай прыналежнасьці, якая тычыцца супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дзяржаўных службоўцаў, прадстаўнікоў улады.
Адначасова з „затуманьваньнем“ сьвядомасьці грамадзян Пальчыс займаўся арганізацыяй масавых беспарадкаў і групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», ‒ гаворыцца ў прэс-рэлізе СК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эдуард Пальчыс з-за кратаў: «Я нават радуюся, што ўсё зацягнулася»Хто такі Эдуард Пальчыс?
Эдуард Пальчыс — грамадзкі актывіст, які паходзіць зь Ліды, палітычны блогер, аўтар тэлеграм-каналу Palchys, які ўлады прызналі «экстрэмісцкім». Калі Пальчыс ужо знаходзіўся за кратамі, у яго нарадзілася дачка, ягоная жонка з нованароджаным дзіцём вымушана зьехала за мяжу.
У 2015 годзе Пальчыс ужо праходзіў у крымінальнай справе. Пад псэўданімам Джон Сільвер ён публікаваў на сваім сайце 1863х гістарычныя матэрыялы і артыкулы з крытыкай беларускіх і расейскіх уладаў. У выніку яго арыштавалі ў Расеі і ў траўні 2016-га экстрадавалі ў Беларусь, дзе яму закідалі распальваньне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці, а таксама распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў.
У канцы кастрычніка таго ж году Менскі гарадзкі суд прызнаў блогера вінаватым і прысудзіў яму 1 год і 9 месяцаў без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу. З улікам часу, адбытага ў СІЗА, яму заставалася правесьці пад падпіскай месяц. У 2020 годзе блогер, які не спыніў сваёй дзейнасьці, зноў апынуўся за кратамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падобная да мяне, але прыгожая». Палітвязень Эдуард Пальчыс нарэшце ўбачыў фота маленькай дачкі