Па словах Пушыліна, які выступіў у нядзелю ў Маскве, зараз грамадзянства Расеі атрымалі больш за 350 тысяч жыхароў так званай «ДНР». «Атрымаюць усе» — сказаў аб пашпартах лідэр сэпаратыстаў.
Сам Пушылін напярэдадні на зьезьдзе партыі «Адзіная Расея» атрымаў з рук лідэра партыі, намесьніка старшыні Савета бясьпекі Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева партыйны білет. Відавочцы адзначылі, што разам зь ім партбілеты атрымалі кіраўнікі шэрагу расейскіх рэгіёнаў.
Расея фармальна па-ранейшаму лічыць кантраляваныя з 2014 году сэпаратыстамі тэрыторыі ў Данецкай і Луганскай абласьцях тэрыторыяй Украіны — у адрозьненьне ад анэксаванага Крыма, які Масква лічыць расейскай тэрыторыяй. Аднак, акрамя падтрымкі сэпаратыстаў, Расея зрабіла шэраг крокаў, якія фактычна ўключаюць так званыя «ДНР» і «ЛНР» у сваю арбіту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Энтані Блінкен заявіў, што Расея павінна адвесьці войскі ад мяжы з УкраінайЯна пачала прызнаваць выдаваныя сэпаратыстамі дакумэнты, а вясной 2019 году істотна спрасьціла прадастаўленьне расейскага грамадзянства жыхарам гэтых тэрыторый. Многія зь іх сёлета прынялі ўдзел у галасаваньні на выбарах у Дзярждуму, для чаго ў Растоўскай вобласьці каля мяжы былі створаны спэцыяльныя ўчасткі.
- Нядаўна быў падпісаны таксама ўказ, які фактычна прыраўноўвае «ЛНР» і «ДНР» да расейскіх рэгіёнаў з пункту гледжаньня эканамічных сувязей. У адказ на пратэсты Ўкраіны і краінаў Захаду ў Маскве адказваюць, што гэта робіцца з гуманітарных меркаваньняў.
- Заява Пушыліна прагучала на фоне новага рэзкага абвастрэньня сытуацыі на расейска-ўкраінскай мяжы, дзе, паводле зьвестак выведкі, нарошчваецца групоўка расейскіх войскаў. У Кіеве і на Захадзе не выключаюць вайсковага ўдару Расеі па Ўкраіне. У Маскве сьцьвярджаюць, што толькі адказваюць на дзеяньні Ўкраіны, якая нібы рыхтуе апэрацыю супраць сэпаратыстаў. Пушылін у нядзелю заявіў, што не выключае аднаўленьня шырокамаштабных ваенных дзеяньняў, сказаўшы пры гэтым, што сэпаратысты маюць намер «абараняцца».