Кранальную перапіску апублікаваў сайт штабу Бабарыкі.
У лісьце палітвязьню хлопчык піша:
«Віктар Бабарыка, добры дзень! Нам вельмі шкада, што ты ў турме. Як у цябе справы? А на колькі гадоў цябе пасадзілі ў турму?! Мяне клічуць Цімур! Я хаджу ў 1 кляс у майго кляса літара В 1В. Мне 7 гадоў у верасьні ў мяне быў дзень народзінаў! А калі ў цябе ДР?
Я займаюся шахматамі! У клясе ў мяне закахаліся дзяўчынкі!!! :heart: Я люблю зьбіраць лега. А хто пасадзіў цябе ў турму? У мяне ёсьць малодшы брат яму 3 гады. З надыходзячым Новым годам цябе.
Я люблю займацца футболам. Мне вельмі весела, калі я ў яго гуляю. Да пабачэньня».
Віктар Бабарыка нават адмыслова напісаў адказ вялікімі друкаванымі літарамі, каб хлопчыку было прасьцей прачытаць. Як адзначае прэс-служба Бабарыкі, «той, хто рэгулярна піша яму лісты, ведае: почырк у яго такі, што зь першага разу і не разабраць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне пашанцавала нарадзіцца ў Беларусі». Што піша з калёніі Віктар БабарыкаШто адказаў Цімуру Віктар Бабарыка:
«Добры дзень, Цімур! Дзякуй вялікі за ліст! Мяне пасадзілі ў турму кепскія людзі на 14 гадоў, але я думаю, што ты вырасьцеш і вызваліш мяне. Мой дзень народзінаў ужо быў 9 лістапада. А я вучыўся ў клясе зь літарай „Б“ усе 10 гадоў.
Малайчына, што займаесься шахматамі, значыць хочаш быць разумным. Ды і зьбіраць лега гэта вельмі цікава і карысна. Мой сын Эдуард таксама любіў лега. А дзяўчынак ня крыўдзі яны хочуць, каб ты пра іх клапаціўся і абараняў.
Слухайся бацькоў і расьці разумным хлопчыкам. І заўсёды памятай, што ты беларус!»
Сёлета ў ліпені былога старшыню «Белгазпрамбанку» і прэтэндэнта на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за хабар і адмываньне грошай.
Як напісаць Віктару Бабарыку: ВК № 1 211440, г. Наваполацак, вул. Тэхнічная, 8.
Хто такі Віктар Бабарыка
- Палітык, бізнэсовец, удзельнік прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2020 году, былы старшыня «Белгазпрамбанку». Нарадзіўся 9 лістапада 1963 году ў Менску.
- Віктар Бабарыка цягам 20 гадоў кіраваў «Белгазпрамбанкам» (дачкой расейскага «Газпромбанку»). Ён падтрымліваў грамадзкія праекты – культурны хаб «ОК16» у Менску, форум тэатральнага мастацтва «ТэАрт», міжнародны дабрачынны фонд «Шанс», выданьне кнігі Сьвятланы Алексіевіч. Пры спрыяньні «Белгазпрамбанку» ў Беларусь вярнуліся карціны мастакоў Парыскай школы.
- 12 траўня 2020 году Віктар Бабарыка публічна заявіў пра свой намер вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты.
- 18 чэрвеня 2020 году Віктара Бабарыку затрымалі разам з сынам Эдуардам, які быў кіраўніком ягонай ініцыятыўнай групы. Бабарыкаў затрымалі па дарозе ў выбаркам, куды яны везьлі сабраныя подпісы за вылучэньне Бабарыкі-старэйшага кандыдатам у прэзыдэнты. 20 чэрвеня Віктара Бабарыку ўзялі пад варту.
- На 19 чэрвеня колькасьць пададзеных штабам Бабарыкі ў выбаркамы подпісаў за вылучэньне яго кандыдатам у прэзыдэнты склала 283 000 пры неабходных 100 тысячах (паводле штабу, агульная колькасьць подпісаў складала 434 985).
- Цэнтравыбаркам адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты на падставе ліста Камітэту дзяржкантролю пра нібыта атрыманыя ім незаконныя прыбыткі.
- Падчас знаходжаньня ў СІЗА КДБ у кастрычніку 2020 году Віктар Бабарыка разам зь іншымі вязьнямі пабываў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Пасьля яе некаторыя з удзельнікаў выйшлі на волю.
- Судовы працэс у справе «Белгазпрамбанку» пачаўся 17 лютага 2021 году. У справе праходзілі Віктар Бабарыка, 6 топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку» і заснавальнік кампаніі «Актыўлізінг». Усе, апроч Віктара Бабарыкі, прызналі сваю віну, шасьцёра падчас сьледзтва падпісалі дасудовыя пагадненьні.
- Віктара Бабарыку абвінавацілі ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай, а таксама ў легалізацыі сродкаў (ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Бабарыка не прызнаў віны і назваў свой перасьлед палітычным.
- Палітвязень Віктар Бабарыка 6 ліпеня 2021 году асуджаны Вярхоўным судом на 14 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Суд таксама прысудзіў Бабарыку штраф у памеры 5 тысяч базавых велічынь і пазбавіў права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў на пяць гадоў.
- Для адбыцьця пакараньня палітыка накіравалі ў калёнію №1 у Наваполацку.
- Amnesty International назвала Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку вязьнямі сумленьня. Арганізацыя лічыць, што Бабарыку, ягонага сына, сяброў каманды і былых калег затрымалі ў сфабрыкаванай эканамічнай справе, каб выключыць Бабарыку з прэзыдэнцкай гонкі.