Справу 36-гадовай Вольгі Такарчук пачнуць разглядаць 16 сьнежня ў судзе Заводзкага раёну Менску. Судовы працэс будзе весьці судзьдзя Алена Капцэвіч, піша «Вясна».
36-гадовую Вольгу Такарчук вінавацяць паводле трох артыкулаў:
- «удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі);
- «паклёп» (артыкул 188 КК);
- «абраза судзьдзі» (ч. 1 арт. 391 КК).
Паводле Сьледчага камітэту, Такарчук прымала ўдзел у пратэставых маршах у Менску 30 жніўня, 20 верасьня і 1 лістапада 2020 году. Яна нібыта «знаходзілася ў першых шэрагах», «блякавала рух транспарту», «выкрыквала лёзунгі».
Блогерку вінавацяць таксама ў тым, што яна 14 студзеня 2021 году апублікавала на Youtube відэа, якое «не адпавядае рэчаіснасьці» і «ганьбіць сацыяльнага пэдагога адной з гімназій у Берасьцейскай вобласьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці пяцярых дзяцей Вольгу Залатар пакаралі 4 гадамі зьняволеньняТаксама Вользе закідаюць відэаролік нібыта з «абразамі судзьдзі Першамайскага раёну Менску» і «ненарматыўнай лексыкай». У сьнежні 2020 году Вольгу Такарчук аштрафавалі на 810 рублёў за ўдзел у мітынгу. Гэтым фактам яна і абуралася ў сваім відэа. Раней яе таксама судзілі па адміністрацыйных справах за ўдзел у мітынгах.
Вольга Такарчук — блогер, дызайнэр, маці дваіх малых дзяцей. Яе затрымалі сёлета 19 траўня па крымінальнай справе. Яна сядзіць у турме №8 у Жодзіне.