Канцлер Аўстрыі Шаленбэрг заявіў, што пойдзе ў адстаўку

Аляксандар Шаленбэрг

Аляксандар Шаленбэрг перакананы, што пасады кіраўніка кіроўнай партыі і канцлера павінны знаходзіцца ў адных руках.

Канцлер паабяцаў падаць у адстаўку, як толькі Аўстрыйская народная партыя выбера лідэра. Пра гэта інфармуе DW.

Аляксандар Шаленбэрг паведаміў пра сваё рашэньне ў пісьмовай заяве ў чацьвер, 2 сьнежня 2021 году, усяго праз сем тыдняў пасьля ўступленьня на пасаду і толькі празь некалькі гадзін пасьля таго, як ягоны папярэднік на пасадзе канцлера і лідэр кіроўнай Аўстрыйскай народнай партыі (АНП) Сэбастыян Курц абвясьціў аб сваёй адстаўцы з усіх палітычных пастоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцлер Аўстрыі: Вінаватыя ў парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі панясуць адказнасьць

Паводле Шаленбэрга, ён вызваліць сваю пасаду, як толькі стане ясна, хто будзе кіраваць партыяй АНП.

«Я трымаюся цьвёрдай думкі, што абедзьве пасады — кіраўніка ўраду і фэдэральнага старшыні партыі, якая набрала ў Аўстрыі найбольшую колькасьць галасоў, — павінны быць хутка ўзьяднаныя ў адных руках», — так канцлер растлумачыў свой крок, удакладніўшы, што ніколі ня ставіў перад сабой мэты ўзначаліць АНП.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вене прайшла міжнародная канфэрэнцыя аб будучыні Беларусі — без прадстаўнікоў улады. ФОТА і ВІДЭА

Аляксандар Шаленбэрг, які ўзначальваў да таго міністэрства замежных спраў, стаў канцлерам Аўстрыі ў кастрычніку, пасьля таго як на фоне абвінавачаньняў у карупцыі з гэтай пасады сышоў Сэбастыян Курц.

Пасяджэньне фэдэральнага кіраўніцтва Аўстрыйскай народнай партыі заплянаванае на 3 сьнежня. У якасьці магчымага наступнага старшыні АНП і канцлера аўстрыйскія СМІ называюць міністра ўнутраных спраў Карла Нэхамэра.