Хроніка перасьледу: сяброўку Вольгі Залатар пакаралі карцэрам, затрымалі футбаліста Яўгена Вяроўку

Машыны сілавікоў. Архіўнае фота.

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю. Агляд выракаў судоў, ператрусаў і затрыманьняў.

Жанчыну, якая прыйшла ў суд падтрымаць Вольгу Залатар, трымаюць у карцэры

Мянчанку Тацяну Батуру, якую затрымалі на судзе Вольгі Залатар, зноў арыштавалі на 15 содняў. Яе трымаюць у карцэры і абяцаюць утрымліваць за кратамі два месяцы.

У судзе Фрунзенскага раёну Менску 1 сьнежня разгледзелі справу 32-гадовай Тацяны Батуры, якую затрымалі 15 лістапада ў Менскім гарадзкім судзе. Справу вяла судзьдзя Тацяна Палулех.

Падчас суду Батура пасьпела распавесьці, што з 18 лістапада і да моманту перазатрыманьня яе ўтрымлівалі ў карцэры, дзе акрамя яе сядзяць яшчэ пяць жанчын.

«Шконку» ад сьцяны адчапляць забаронена, усе сьпяць на падлозе. Акрамя гэтага, Тацяна паскардзілася, што ў яе вошы, якія перадаліся ад бяздомных жанчын у камэры. Таксама дзяўчына заявіла, што ў РУУСе міліцыянты паабяцалі ёй, што будуць утрымліваць яе за кратамі два месяцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вольга Залатар выступіла з апошнім словам: «Маё сэрца рвецца на часткі, павялічваецца колькасьць болю і крыўдаў»

Затрымалі футбаліста з Мазыра

Пра затрыманьне Яўгена Вяроўкі паведаміў Беларускі фонд спартовай салідарнасьці.

Яўген Вяроўка — былы футбаліст «Славіі» з Мазыра. Пасля падзей жніўня 2020 года актыўна выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю ў супольнасці спартоўцаў.

Летась у інтэрвію спартоваму парталу Tribuna.com Яўген Вяроўка скрытыкаваў футбалістаў, у тым ліку чальцоў нацыянальнай зборнай, якія палічылі за лепшае прамаўчаць аб тым, што адбываецца пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

«Я нават тэлефанаваў хлопцам, пытаўся, у чым справа, чаму цішыня? Парачка адказаў мяне зьдзівіла. А хто маю сям’ю будзе карміць, за нас потым ніхто не заступіцца і гэтак далей. Адказваў ім, што заўсёды можна паехаць у Літву ці некуды яшчэ. Узроўню хопіць. Але не. Усе за свае кантракты баяцца. Думаў, што хлопцы неяк павінны падтрымаць народ. Ну што замінае сабрацца разам і абгаварыць. Дарослыя забясьпечаныя мужыкі і так прамаўчаць. За які народ вы гуляеце? Каму гэтая зборная зараз цікавая? Вельмі дрэннае меркаваньне склалася аб зборнай і вядомых футбалістах», — сказаў ён тады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вакаліста гурту «Ня Варта» звольнілі з Мазырскага НПЗ пасьля 5 сутак арышту